На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Тэма малой радзімы стане галоўнай на свяце "Купалле" ў аграгарадку Александрыя

4 ліпеня 2019

Рэспубліканскае свята Купалле ("Александрыя збірае сяброў") дзясяты раз пройдзе на маляўнічым беразе ракі Днепр у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 6-7 ліпеня. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэма малой радзімы стане галоўнай на свяце, - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. - У бягучым годзе Александрыя сустрэне гасцей з 6 краін. Чакаюцца дэлегацыі з Расіі і Украіны, пацвердзілі ўдзел нашы партнёры з Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы. Краін-удзельніц прадставяць калектывы народнай творчасці і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва".

Сярод удзельнікаў мерапрыемства больш за 2 тыс. прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кожны рэгіён Беларусі прадставіць свой самы вядомы фестывальны праект. Нацыянальным каларытам гасцей Купалля парадуюць прадстаўнікі Курска, Цверы, Ніжняга Ноўгарада, Разані (Расія), Івана-Франкоўска, Цярнопаля і Херсона (Украіна). "З самага пачатку свайго правядзення свята Купалле падкрэслівае аб'яднальную сілу народнай культуры і традыцый, дэманструе імкненне да міру, яднання і пашырэння культурнага дыялогу паміж краінамі", - падкрэсліў Андрэй Кунцэвіч.

"Арганізатары пастараліся зрабіць знаходжанне гасцей свята максімальна камфортным, мы разлічваем на вялікую цікавасць гледачоў. Чакаецца, што за два дні мерапрыемства наведаюць больш за 80 тыс. чалавек", - расказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Гасцей мерапрыемства чакае насычаная культурна-забаўляльная праграма. Любы жадаючы зможа прыняць удзел у шматлікіх майстар-класах, тэматычных квестах, спартыўных спаборніцтвах, гульнях і конкурсах. Цэнтральнай падзеяй свята стане грандыёзны гала-канцэрт "Зроблена ў Беларусі" на галоўнай пляцоўцы з удзелам замежных і айчынных выканаўцаў. Фіналам першага дня стане маляўнічае піратэхнічнае шоу і начная маладзёжная дыскатэка з удзелам папулярных маладзёжных груп і дыджэяў.

На працягу двух дзён свята пройдзе выстаўка-кірмаш "Александрыйскі кірмаш" з экспазіцыйна-тэматычнымі купальскімі падворкамі. Гандлёвыя кропкі размесцяцца на "Александрыйскай гасціне", пляцоўка "Творчасць маладых" стане месцам дэманстрацыі розных спартыўных, творчых, навукова-тэхнічных праграм і дасягненняў моладзі. ААТ "Мінскі трактарны завод" прэзентуе сваю прадукцыю на пляцоўцы "Зроблена ў Беларусі", а булачна-кандытарская кампанія "Дамачай" - у "Каравайнай сялібе". У час свята будуць адкрыты павільёны "Кніжны кірмаш" і "Друкарскі двор" з зонамі вытворчасці паперы і друку, правядзеннем прэзентацый кніг і часопісаў.

Цікавай абяцае стаць пляцоўка "Свята цырка ў Александрыі" з цыркавымі выступленнямі, гульнямі і атракцыёнамі. Тут пройдзе дабрачынны паказ, які наведаюць дзеці-інваліды. Установяць фотазоны, для маленькіх гасцей будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны.

На малой сцэне ў першы дзень адбудуцца адкрыццё і тры канцэрты, дзе выступяць творчыя калектывы рэгіёнаў Беларусі і краін - удзельніц свята, дзіцячыя ансамблі Магілёўскай вобласці, прафесійныя артысты Прыдняпроўскага краю. У другі дзень маштабнага творчага праекта пляцоўкі прадоўжаць работу. Пройдзе ўшаноўванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці, а потым - выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і ансамбля "Сябры".

Для зручнасці наведвальнікаў установяць інфармацыйныя тумбы, будуць працаваць камеры хавання і пункт абмену валют. На тэрыторыі Александрыі ўзвядуць імправізаваны палатачны лагер, а побач з аграгарадком разгорнецца кемпінг. Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў да месца свята выбудавана зручная транспартная лагістыка. Прадугледжаны рух дадатковых паяздоў рэгіянальных ліній і аўтобусных рэйсаў. Усе маршруты ўвязаны з пачаткам і завяршэннем мерапрыемстваў.

Госці, якія прыедуць на асабістым транспарце, будуць забяспечаны паркоўкамі па аўтадарозе Орша - Шклоў - Магілёў (Р76), у вёсцы Межнік і гарадскім пасёлку Копысь (Віцебская вобласць). Для перавозкі гасцей свята ад парковачных месцаў і да Александрыі будуць курсіраваць аўтобусы.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI