На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

"Адкрытая і жорсткая размова" - Эйсмант расказала пра падрабязнасці закрытай часткі нарады Лукашэнкі з сілавікамі

21 жніўня 2019

Патрабавальнасць да якасці работы праваахоўнага блока ў Беларусі будзе толькі ўзрастаць. Пры гэтым да парушэнняў закону, уключаючы бандытызм і карупцыю, стаўленне з боку дзяржавы будзе ранейшае і нават больш жорсткае. Аб гэтым заявіла журналістам прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі па тэме работы праваахоўнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нарада прадаўжалася каля трох з палавінай гадзін, і гэта была няпростая, адкрытая, а часам і жорсткая размова, адзначыла Наталля Эйсмант. "Тыя, хто паспяшаўся ўбачыць тут нейкія будучыя паслабленні або тым больш нейкую піяр-кампанію, проста недаацэньваюць сітуацыю і не ведаюць нашага Прэзідэнта. Патрабавальнасць з сённяшняга дня будзе толькі ўзрастаць, прычым патрабавальнасць па ўсіх франтах", - падкрэсліла прэс- сакратар Прэзідэнта.

Яна звярнула ўвагу, што да бандытызму, карупцыі і іншых парушэнняў закону стаўленне з боку дзяржавы будзе ранейшае і нават яшчэ больш жорсткае. "Гэта значыць паслабленняў не будзе, хто б што ні ўбачыў. Тым, каму месца ў турме, павінны быць і будуць у турме. Гэта адназначна", - сказала Наталля Эйсмант.

У той жа час кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб пры расследаванні крымінальных спраў не пакутавалі невінаватыя людзі. "Справядлівасць тут сапраўды ключавое слова. На гэта Прэзідэнт звяртаў увагу не раз. У гэтым плане будзе шматразова ўзмацняцца кантроль за якасцю работы праваахоўных органаў. А гэта і ёсць тая самая справядлівасць", - адзначыла Наталля Эйсмант.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка публічна і падрабязна абазначыў недахопы ў рабоце сілавікоў. "Я гэта хачу падкрэсліць асабліва: Прэзідэнт сёння рассакрэціў, напэўна, адзін з самых закрытых дакументаў, які паступіў да яго пасля грунтоўнай прапрацоўкі адпаведных структур. Інакш кажучы, гэта тое, гаворачы простай мовай, што накапалі самі ж праваахоўнікі, - звярнула ўвагу прэс-сакратар. - Прэзідэнт не спыніўся на нейкіх канкрэтных фактах, нічога не канкрэтызаваў, каб не павесці размову ў абмеркаванне нейкіх прыватных прыкладаў, выпадкаў. Галоўнай мэтай было канкрэтызаваць і назваць менавіта праблемы, недахопы і запатрабаваць ад прысутных растлумачэння па гэтых праблемах і недахопах".

Паводле слоў Наталлі Эйсмант, у час закрытай часткі нарады ў кожнага ўдзельніка была магчымасць выказацца і прадставіць сваю пазіцыю. Сваю ацэнку сітуацыі, напрыклад, далі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржсакратар Савета бяспекі. Старшыня Вярхоўнага суда падрабязна спыніўся на рабоце Следчага камітэта, абазначыўшы недахопы і выказаўшы шэраг прапаноў. "Асобна Прэзідэнт звяртаўся да губернатараў, паколькі гэта яго першыя прадстаўнікі ў рэгіёнах. І тут строгае патрабаванне кіраўніка дзяржавы, што яны павінны бачыць сітуацыю. Яны павінны бачыць перагібы і своечасова інфармаваць аб іх Прэзідэнта. У Беларусі народная ўлада, яна павінна і будзе бачыць інтарэсы народа. Гэта ключавы пасыл кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам нарады", - расказала прэс-сакратар.

Гаворачы аб выніках нарады, Наталля Эйсмант адзначыла, што для праваахоўнай сістэмы Беларусі сёння быў сапраўды гістарычны момант, сур'ёзны паварот у рабоце. І гэта, падкрэсліла яна, ні ў якім разе не гучныя словы. "Вы цудоўна ведаеце стаўленне нашага Прэзідэнта да карупцыі, да эканамічных злачынстваў, ды і наогул да парушэнняў закону ў любой форме. Таму з сённяшняга дня спагнанне будзе ўзрастаць, як будзе ўзрастаць і націск. Да бандытаў будуць ставіцца выключна як да бандытаў, а тыя заўвагі і недахопы, якія былі выяўлены і агучаны, будуць выпальваць гарачым жалезам", - падкрэсліла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.

Закрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у краіне выбудавана нядрэнная сістэма работы праваахоўных органаў, аднак ад кіраўнікоў ён патрабуе не закрываць вочы на існуючыя негатыўныя праявы, а ліквідаваць усе вузкія месцы і, самае галоўнае, за кожным фактам бачыць лёс чалавека.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI