На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

У Беларусі ў гэтым годзе плануецца пабудаваць 1,6 млн кв.м індывідуальнага жылля

18 верасня 2020

У Беларусі ў 2020 годзе плануецца пабудаваць 1,6 млн кв.м індывідуальнага жылля. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Кацярына Усянкова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Інтарэс да індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў краіне ёсць, многія звяртаюцца па крэдыты менавіта для ўзвядзення такога жылля. На бягучы год устаноўлена заданне па ўводзе ў эксплуатацыю ў цэлым па краіне 4 млн кв.м жылля, з іх 40 працэнтаў, або 1,6 млн кв.м, запланавана ў выглядзе індывідуальнай жылой забудовы", - расказала Кацярына Усянкова.

Паводле яе інфармацыі, цяпер прапрацоўваецца комплекснае развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. "Плануецца асвойваць вялікія зямельныя ўчасткі. Гэта значыць УКБ і домабудаўнічыя камбінаты будуць ва ўстаноўленым парадку комплексна забудоўваць іх і потым прадаваць ужо гатовае жыллё. Прычым мы плануем, што гэта будуць не проста жылыя дамы, а яшчэ і неабходная сацыяльная інфраструктура, дзіцячыя сады, школы. Індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва павінна комплексна развівацца. І на гэты год, згодна з планам, чакаецца ўвод 10 тыс. кв.м індывідуальнага жылля, пабудаванага такім чынам", - растлумачыла Кацярына Усянкова.

Найбольш запатрабавана індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ў Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. На бягучы год Мінскай вобласці даведзена заданне па будаўніцтве 700 тыс. кв.м індывідуальнага жылля, Брэсцкай - 300 тыс. кв.м, Гродзенскай - 176 тыс. кв.м. "У астатніх абласцях таксама ёсць попыт на індывідуальнае жыллё, але не такі, як у гэтых трох абласцях", - адзначыла прадстаўнік ведамства.

Што датычыцца планаў на 2021 год, паводле слоў Кацярыны Усянковай, аб'ёмы індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва змяншацца не будуць. "Мы прапануем абласцям пабудаваць у наступным годзе каля 1,8 млн кв.м індывідуальнага жылля, сюды ўвойдуць і аб'ёмы комплекснай забудовы. Прапрацоўваецца таксама пытанне па давядзенні павышанага задання на 2021 год агульнага ўводу жылля ў памеры 4,1 млн кв.м, але гэтыя заданні будуць яшчэ зацвярджацца ўрадам. Цяпер пытанне прапрацоўваецца з выканаўчымі камітэтамі. Мы, безумоўна, будзем улічваць іх меркаванне, але якія планы ў выніку зацвердзіць урад, гаварыць пакуль рана", - паведаміла начальнік аддзела.

У 2019 годзе ў Беларусі было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 1,77 млн кв.м індывідуальнага жылля. З іх амаль 324 тыс. кв.м было пабудавана ў Брэсцкай вобласці, больш за 118 тыс. кв.м - у Віцебскай, больш за 205 тыс. кв.м - у Гомельскай, звыш 165 тыс. кв.м - у Гродзенскай, амаль 790 тыс. кв.м - у Мінскай і больш за 131 тыс. кв.м - у Магілёўскай вобласці. Звыш 37 тыс. кв.м індывідуальнага жылля было ўзведзена ў 2019 годзе ў сталіцы.