На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Вакцинируйтесь! Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Вакцинируйтесь!

Як працуе сёння Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання

18 мая 2020

Экспартна-арыентаваным прадпрыемствам сёння няпроста. А яшчэ складаней, калі іх сфера дзейнасці звязана з транспартам. У перыяд пандэмічнай “самаізаляцыі” цэлых краін аб’ёмы перавозак звяліся да неабходнага мінімуму.

Для Асіповіцкага завода транспартнага машынабудавання напачатку года прасочваліся аптымістычныя перспектывы па ўсіх кірунках дзейнасці. Прадпрыемства працавала ў чатыры змены, выконваючы ўжо заключаныя кантракты, рыхтавалася да рашучага націску на канкурэнтаў у барацьбе за расійскі рынак і замацаванні пазіцый на бізнес-прасторах Еўрасаюза.

Амбіцыйныя планы пакуль давялося адкласці: попыт на вагоны і танк-кантэйнеры скараціўся на ўсім Еўразійскім кантыненце, так што прадпрыемствы галіны вымушаны рашаць аднолькавыя задачы па мінімізацыі непазбежных у існуючай сітуацыі страт.

Першая і, напэўна, галоўная: захаванне кваліфікаваных кадраў. Для сённяшніх спраў хапіла б 70% наяўнага штату, але эпідэмія рана ці позна скончыцца і перавагі ў перадзеле ажываючых рынкаў атрымае той, хто здолее хутчэй нарасціць аб’ёмы вытворчасці, захаваўшы належную якасць. Тут без зладжанага калектыву не абысціся.

Фінансы — яшчэ адна “лінія абароны”, адступаць з якой няма куды. Прычым адзін з “праціўнікаў” тут — рэзкае аслабленне беларускага рубля. Па выніках першага квартала АЗТМ атрымаў пралічаны бізнес-планам прыбытак у нацыянальнай валюце. Аднак разлічвацца з пастаўшчыкамі камплектуючых трэба было ў доларах, якія давялося набываць. Пры існуючай на момант плацяжоў курсавой розніцы замест прыбыткаў атрымаліся страты. Іх памер не крытычны, аднак такі “сюрпрыз”, канешне, не радуе.

Перад усімі прадпрыемствамі транспартнага машынабудавання ў Еўропе і Азіі паўсталі прыблізна аднолькавыя праблемы, таму ў іх вырашэнні прасочваюцца пэўныя заканамернасці. Гэта нармальна і да таго ж дае нагоду ўзгадаць філасофскі закон пераходу колькасці ў якасць. Калі працэс прыстасавання да экстрэмальных умоў дзейнасці будзе ісці досыць доўга, ён абавязкова зменіць унутрыгаліновыя ўзаемаадносіны ў посткарана-крызісны час. Аднак паколькі ніхто не рызыкне спрагназаваць кірунак і памеры такога ўплыву, застаецца толькі сачыць за падзеямі. І, канечне, “балець за нашых”.

АЗТМ засяродзіў намаганні на змяншэнні сабекошту прадукцыі і лакалізацыі выпуску камплектуючых на ўласным абсталяванні. Калі атрымаецца наладзіць вытворчасць апошніх з прымальнай эканамічнай выніковасцю, то ў перспектыве ад закупак даволі вялікай лінейкі дэталей можна будзе адмовіцца — калі не цалкам, то часткова.

Сёння ёсць сэнс развіваць кантакты з айчыннымі прадпрыемствамі, якія адносяцца да розных галін прамысловасці. Сярод партнёраў — АЗЖБК і “Бабруйск-аграмаш”, якія ахвотна карыстаюцца магчымасцямі АЗТМ па механічнай апрацоўцы, дакладнай рэзцы і згібанні металічных паўфабрыкатаў. У сваю чаргу АЗАА дапамагае калегам-машынабудаўнікам з закальваннем і тэрмаапрацоўкай.

Зацікаўлена ў паслугах АЗТМ альбо атрыманні ад прадпрыемства заказаў і мноства невялікіх прыватных фірм, так што патэнцыял партнёрства з бізнес-супольнасцю таксама нельга недаацэньваць.

А яшчэ завод транспартнага машынабудавання працуе над эксклюзіўным праектам: стварае з металу вялікі глобус. Гэта — унёсак калектыву прадпрыемства ў сёлетнюю кампанію па добраўпарадкаванні горада. Усталяваць артаб’ект плануецца на вуліцы Сумчанкі каля будынка аддзела па адукацыі.

Па матэрыялах раённай газеты "Асіповіцкі край"