На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Дрычынскі сельсавет

Карта-схема

Дрычынскі сельсавет размешчаны на паўднёвым захадзе Асіповіцкага раёна і мяжуе з Дараганаўскім сельсаветам Асіповіцкага, Суцінскім - Пухавіцкага і Дражненскім - Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці. У яго склад уваходзіць 10 населеных пунктаў, 5 з якіх размешчаны на беразе ракі Пціч.

Цэнтр з 1957 года - вёска Дрычын, якая знаходзіцца ў 29 км ад райцэнтра, у 12 км ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі Фалічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці і размешчана на аўтадарозе Асіповічы-Баранавічы.

Вёска Дрычын утварылася ў пачатку XX стагоддзя. З успамінаў старажылаў вядома, што на правым беразе ракі Пціч размяшчаўся багаты маёнтак пана Анісіма Карозы, які знік пасля адмены прыгоннага права. У той час з'явіўся яўрэй Бэрка. Бераг ракі ён лічыў сваёй уласнасцю і не дапускаў туды нікога лавіць рыбу. З часам уся яго сям'я памерла і была пахавана на ўзвышшы каля ракі Пціч. Да гэтага часу гэтае ўзвышша носіць назву «Бэркавы скарбы».

У пачатку XX стагоддзі здалёк сталі прыязджаць людзі, каб купіць кавалак панскай зямлі. Перасяленцы з вёскі Дрычын Пухавіцкага раёна ўтварылі Новы Дрычын. У 1917 годзе ў архіўных выданнях значыцца засценак Дрычын, які налічвае 12 гаспадарак і 65 жыхароў.

У 1935 годзе вёска Юравічы, размешчаная на левым беразе ракі Пціч, згарэла, і жыхары пераехалі ў вёску Дрычын, а ў 1939 годзе да яе далучыліся ўсе бліжэйшыя хутары.

Адна са старажытных вёсак сельсавета Жыцін вядомая з ХV1 ст. як цэнтр маёнтка Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1793 уваходзіць у склад Расійскай імперыі, з 1795 - у Бабруйскі павет Мінскай губерні.

У 1866 годзе тут было адкрыта народнае вучылішча. У 1897 г. ў вёсцы налічвалася 1030 чалавек. З 1924 па 1957 год в. Жыцін з'яўлялася цэнтрам сельсавета.

Жыхары сельсавета свята шануюць памяць аб земляках, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Дрычыне і Вялікім Бары ўзведзены помнікі, на якіх высечаны 288 імёнаў загінуўшых воінаў і партызан.

Ураджэнец в. Майсеевічы Сяргей Мікалаевіч Каданчык з 1928 года служыў у Чырвонай Арміі, падчас Вялікай Айчыннай вайны прайшоў шлях ад камандзіра роты да камандзіра палка. Загінуў у 1943 годзе ў баях за вызваленне г. Наварасійска. Удастоены звання Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).

На могілках в. Жыцін пастаўлены помнік ураджэнцу в. Заняцечча Анатолю Уладзіміравічу Мошчыну, які загінуў у 1982 годзе ў Афганістане падчас праходжання службы ў радах Савецкай Арміі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна).

СВК “Калгас “Пціч” і “Калгас імя Чарняхоўскага”, размешчаныя на падведамнай тэрыторыі сельсавета, спецыялізуюцца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых культур.

Калгас "Шлях Ільіча" быў утвораны ў 1929 годзе. Першапачаткова ў яго ўваходзіла невялікая частка в. Крамак. У 1937 годзе да гаспадаркі быў далучаны калгас "Новы Крамак", у 1971 - калгас імя Чапаева. У 1965-1969 гадах калгас узначальваў М.Д.Верабей і гаспадарка знаходзілася ў ліку перадавых у раёне.

Калгас імя Чарняхоўскага ўтвораны ў 1950 годзе шляхам аб'яднання гаспадарак "Новы Жыцін", "1 Мая", "Чырвоная змена". У перыяд з 1950 па 1962 год адносіўся да Старадарожскага раёна, з 1962 па 1968 год - да Слуцкага раёна Мінскай вобласці, з 1968 года - да Асіповіцкага. У 1972-1992 гадах гаспадарку ўзначальваў А.М.Дзянісевіч, узнагароджаны за працоўныя заслугі ордэнам "Знак Пашаны".

На тэрыторыі сельсавета таксама размешчаны лясніцтва, комплекс сярэдняя школа-дзіцячы сад, СДК і сельскі клуб, урачэбная амбулаторыя і ФАП, чатыры магазіны, дзве АТС, дзейнічае Праваслаўная Свята- Міхайлаўская царква.

Усяго пражывае 959 чалавек, з іх працаздольнага насельніцтва - 473, пенсіянераў-361, дзяцей - 125.

Знакаміты ўраджэнец сельсавета Міхаіл Дзмітрыевіч Варабей, 1930 г.н., Герой Сацыялістычнай Працы, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.