На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

З попелу і руін

Нямецка-фашысцкія акупанты гаспадарылі ў Асіповічах 1093 дні. Яны знішчылі ўсе прамысловыя прадпрыемствы, многія грамадскія будынкі і большую частку жылых дамоў. Адступаючы, гітлераўцы вывелі са строю станцыю, чыгуначныя паркі, узарвалі воданапорную вежу, пуцеправод, масты праз раку Сінюю. Гаспадарцы горада быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон. Але нічым не вымераць гора, якое прынеслі гітлераўскія захопнікі савецкім людзям. Яны расстралялі і па-зверску замучылі тысячы мірных жыхароў. Сотні маладых людзей былі вывезены на катаржныя працы ў Нямеччыну. Многім з іх не наканавана было вярнуцца на родную зямлю.

З першых дзён вызвалення райкам партыі, раённы і гарадскі Саветы дэпутатаў працоўных пачалі прымаць меры да аднаўлення гаспадаркі Асіповічаў. Іх баявым памагатым стала гарадская камсамольская арганізацыя.

Намаганні працоўных перш за ўсё былі накіраваны на аднаўленне транспарту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. Каб забяспечыць перакідку войскаў і бесперабойнае забеспячэнне фронту, асіповіцкія чыгуначнікі мабілізавалі ўсе наяўныя сродкі на найхутчэйшае аднаўленне вузла.

Гэтак жа самааддана працавалі асіпаўчане і на адраджэнні прамысловых прадпрыемстваў. У ліпені 1944 года пачаў працаваць леспрамгас.

Пераадольваючы цяжкасці, звязаныя з недахопам машын, абсталявання і цяглавай сілы, рабочыя няўхільна нарошчвалі аб'ёмы лесанарыхтовак. На прамкамбінаце быў пушчаны млын. Да канца 1944 года аднавілі працу маслазавод, арцелі прамкааперацыі: смалакурная «Чырвоны хімік», швейна-шавецкія «Сацпраца» і «Прагрэс», харчовая «Перадавік». Адкрыліся магазіны.

Аднаўляўся жылы фонд. Кожнаму домаўладальніку на пабудову дома выдаваліся грашовая пазыка і 25 куб. метраў лесу. У дапамогу індывідуальным забудоўшчыкам леспрамгас арганізаваў выраб дошчачкі і тынкавай драніцы. Да канца 1944 года ў Асіповічах было пабудавана 119 жылых дамоў.

У гады першай пасляваеннай пяцігодкі ў Асіповічах былі поўнасцю адноўлены прамкамбінат, майстэрні арцеляў прамкааперацыі "Соцтруд", "Прагрэс", "Перадавік", смалакурны завод арцелі "Чырвоны хімік" (у 1952 годзе ён быў знесены, а на яго месцы пабудаваны магазін райпотрб. 12-кватэрны дом). У 1947 годзе быў створаны гархарчкамбінат, які арганізаваў вытворчасць павідла, безалкагольных напояў.

Да 1951 года ўсе прадпрыемствы горада дасягнулі даваеннага ўзроўню па выпуску валавой прадукцыі. У леспрамгасе з 1945 года прымяняліся на вывазе драўніны аўтамашыны, а на нарыхтоўцы - электрапілы.

Інтэнсіўна вялося дзяржаўнае і індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.

Да 1950 года ў Асіповічах было адноўлена і пабудавана 845 будынкаў, у тым ліку індывідуальнымі забудоўшчыкамі 758 дамоў плошчай 25/09 тыс. кв. метра.

Развіццё горада тармазіла слабая энергетычная база. Таму ў 1949 годзе на рацэ Свіслач (у 6 км ад Асіповічаў) было пачата будаўніцтва гідраэлектрастанцыі магутнасцю 2725 кілават.

Восенню 1953 года Асіповіцкая гідраэлектрастанцыя дала ток. У горадзе была пабудавана падстанцыя, утвораны сеткавы ўчастак. Гэта садзейнічала росту прамысловай вытворчасці, развіццю культуры і паляпшэнню бытавых умоў насельніцтва. На прамкамбінаце быў уведзены ў эксплуатацыю добра абсталяваны сталярны цэх, які пачаў выпуск школьных парт, мэблі, акопных рам, дзвярных палотнаў і іншых вырабаў. У 1953 годзе ўступіў у строй хлебазавод, і былі зжыты цяжкасці ў забеспячэнні насельніцтва хлебам.

Вялося будаўніцтва школ, дзіцячых дашкольных, культурна-асветных і медыцынскіх устаноў. У 1951 годзе быў пабудаваны кінатэатр "Радзіма" на 250 месцаў. Затым быў адноўлены будынак васьмігадовай школы і пашыраны гарадскі дзіцячы сад, пабудаваны новыя памяшканні для раённай бальніцы, колькасць ложкаў у якой павялічылася ў два разы. Адкрыўся супрацьсухотны дыспансер.

Развівалася сетка грамадскага харчавання. У пятай пяцігодцы былі адкрыты прывакзальны рэстаран і сталовая для чыгуначнікаў.

У гады шостай пяцігодкі на прадпрыемствах горада і чыгуначным вузле разгарнулася спаборніцтва за павышэнне прадукцыйнасці працы, лепшае выкарыстанне існуючых вытворчых магутнасцей, перавыкананне планавых заданняў і паляпшэнне якасці выпускаемай прадукцыі.

Узрасла колькасць прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. Адкрыліся вялікая добраўпарадкаваная гаспадарчая крама, сталовая на калгасным рынку і прамтаварная крама па вул. Інтэрнацыянальнай.

У 1956 годзе было скончана ўзвядзенне новага прыгожага будынка чыгуначнага вакзала, што дазволіла палепшыць абслугоўванне транзітных і мясцовых пасажыраў. Адкрылася вузлавая бальніца. Пачаў працу гарадскі дом піянераў.

У перыяд з 1959 па 1965 год на чыгуначным вузле была абсталявана паўаўтаматычная блакіроўка са святлафорамі і гучнагаварыцельная радыёсувязь. Праз шляхі ўзведзены пераходны мост. Гэта аблегчыла манеўровую работу, скараціла час фарміравання грузавых цягнікоў. Аб'ём перавозак вырас на 35 працэнтаў. Сярэдняя вага грузавога цягніка павялічылася на 6,3 працэнта,

а прадукцыйнасць працы - на 24,1 працэнта.

Прамысловасць горада папоўнілася ў 1963 годзе цэхам тэхналагічнага абсталявання Мінскага аўтазавода, прызначаным для вырабу вузлоў і нестандартнага абсталявання. Раўналежна на ім ішла падрыхтоўка да вытворчасці тавараў народнага спажывання, і неўзабаве быў пачаты выпуск металічных цацак. У 1965 годзе ён асвоіў выраб кабін са шклапластыка і быў перайменаваны ў механазборачны цэх (МСЦ-5) Мінскага аўтазавода. У гэтым жа годзе ў Асіповічах на базе існаваўшага тут хлебапрыёмнага пункта пачалося ўзвядзенне буйнога млынавага камбіната.

З развіццём будаўнічых работ, павелічэннем вытворчасці прамысловай прадукцыі і ростам насельніцтва ўзраслі патрэбнасці ў аўтамабільных перавозках. У 1963 годзе ў горадзе была ўтворана аўтабаза № 19, арганізаваны ўнутрыгарадскія аўтобусныя зносіны.

Адноўлены горад рассунуў свае межы, і вёска Асіповічы, якая дала калісьці назву чыгуначнай станцыі і пасёлку, што вырасла каля яе, злілася з раённым цэнтрам. Колькасць жыхароў у ім перавысіла даваенны ўзровень. Узрасла яго роля ў эканоміцы вобласці. 7 сакавіка 1963 года Асіповічы былі аднесены да гарадоў абласнога падпарадкавання.