На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Электронная энцыклапедыя «Магілёў на Дняпры» раскажа аб 250-гадовай гісторыі краю

17 чэрвеня 2022

Электронную энцыклапедыю "Магілёў на Дняпры, або Гісторыя адной губерні" стварылі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя Леніна. Новы інтэрнэт-рэсурс прысвечаны 250-годдзю з дня ўтварэння Магілёўскай губерні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці ўстановы культуры.

Энцыклапедыя размешчана на сайце абласной бібліятэкі і складаецца з дзесяці тэматычных раздзелаў, якія адлюстроўваюць пэўны перыяд у развіцці і станаўленні адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, звязаны ў тым ліку з рознымі гістарычнымі асобамі: "250. Адваротны адлік", "Па гарадах і вёсках", "Ваша правасхадзіцельства", "Магілёў губернскі", "Стан спраў", "Жыццё-быццё", "Вялікія і знакамітыя", "Губернская друкарня", "Маўклівыя сведкі эпохі", "А ці ведаеце вы?"

Пры стварэнні рэсурсу выкарыстаны дакументы з фонду ўстановы культуры, у тым ліку вялікая колькасць артыкулаў магілёўскіх гісторыкаў, вучоных і краязнаўцаў. Яны дапоўнены матэрыяламі са свабодных інтэрнэт-крыніц. "Энцыклапедыя дапаможа адказаць на многія пытанні, узбагаціць веды па гісторыі магілёўскага рэгіёна, а таксама будзе карыснай ва ўстановах адукацыі ў якасці дапаможнага матэрыялу", - адзначылі ў бібліятэцы.

Напрыклад, з энцыклапедыі можна даведацца, сустрэчай якіх дзвюх каранаваных асоб у Магілёве вырашыўся канчатковы лёс Рэчы Паспалітай і Турцыі, дзе зараджаўся Чарнаморскі флот Расіі, як звалі выдатнага магілёўскага губернатара-рэфарматара, які ператварыў гэтыя землі ў адну з працвітаючых і прагрэсіўных губерняў Расійскай імперыі, які горад у час Першай сусветнай вайны стаў неафіцыйнай сталіцай дзяржавы.

Магілёўская губерня з'явілася на карце Расійскай імперыі 250 гадоў таму, 28 мая 1772 года, у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка яна праіснавала амаль 150 гадоў. За гэты гістарычны перыяд на магілёўскай зямлі адбыўся шэраг эпахальных падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю не толькі нашай краіны, але і ўсёй Еўропы.

БелТА