На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Міжнародны фестываль «Залатая пчолка» збярэ ў Клімавічах амаль 1 тыс. удзельнікаў

25 мая 2022

ХХ Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" збярэ ў Клімавічах амаль 1 тыс. удзельнікаў. Аб гэтым расказаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок у час прэс-канферэнцыі, перадае БЕЛТА.

"Магілёўская вобласць багатая на розныя фестывальныя традыцыі, - адзначыў Алег Стальмашок. - Шэраг брэндавых для рэгіёна мерапрыемстваў стаў шырока вядомы не толькі на тэрыторыі краіны, але і за яе межамі: свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), музычны фестываль "Залаты шлягер", маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.Кантакт", фестываль "Анімаёўка" і, вядома ж, фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка", які ў свой 20-ы юбілейны раз пройдзе з 26 па 29 мая на клімавіцкай зямлі".

Удзельнікамі мерапрыемства стануць амаль 1 тыс. чалавек - прадстаўнікі 6 краін: Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Узбекістан. Толькі ў конкурснай праграме выступяць амаль 540 дзяцей, 112 з якіх прыедуць з-за мяжы. Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў прадставяць сваю творчасць у трох намінацыях - вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Асаблівасцю гэтага фестывалю традыцыйна стане высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў і высокапрафесійнае журы, якое не толькі вызначыць пераможцаў, але і правядзе шэраг майстар-класаў.

Праграма свята будзе насычанай і цікавай. 27 мая адбудуцца конкурсныя праслухоўванні і прагляды па жанрах. 27-28 мая ў гарадскім парку будзе арганізавана работа творчай пляцоўкі ўстаноў культуры рэгіёна "У свеце гульні і цацкі" з выставай-продажам майстроў і ўмельцаў, прэзентацыяй беларускіх народных традыцыйных гульняў. Таксама будзе працаваць пляцоўка ўстаноў прафесійнай адукацыі "Праекты будучыні" і фотасушка #Залатая пчолка з дэманстрацыяй здымкаў за ўсю гісторыю правядзення фестывалю.

Святочнае адкрыццё ХХ Міжнароднага фестывалю "Залатая пчолка" адбудзецца 27 мая ў 20.30. Гледачам прадставяць праграму "Залатая пчолка. 20 гадоў разам". 28 мая ў раённым Цэнтры культуры і Клімавіцкай дзіцячай школе выяўленчых мастацтваў пройдзе цырымонія ўручэння дыпломаў удзельнікам, круглыя сталы па розных жанравых напрамках. Узнагароджанне лаўрэатаў і заключны гала-канцэрт "Залатое сузор'е талентаў" запланаваны 28 мая ў 13.00. Другі дзень фестывалю завершыцца канцэртнай дыска-праграмай "Падарунак фестывалю".

29 мая будзе працаваць прэзентацыйная выставачна-гандлёвая пляцоўка "Клімавічы запрашаюць", пройдуць спартыўна-забаўляльная маладзёжная акцыя "Тата, мама, я - спартыўная сям'я", конкурсная праграма "Міс Залатая пчолка", маладзёжны марафон "Будучыня за намі".

"Асноўным напрамкам дзяржаўнай палітыкі Беларусі застаецца падтрымка таленавітай моладзі, - азначыў Алег Стальмашок. - Так, у Магілёўскай вобласці ў 2021 годзе спецыяльным фондам Прэзідэнта адзначаны 142 чалавекі, калі ў 2020-м іх было 57. Наша задача - не толькі выявіць, але і дапамагчы гэтым дзецям знайсці сябе ў творчасці. Правядзенне такіх фестываляў, як "Залатая пчолка", лепш за ўсё садзейнічае раскрыццю іх талентаў, унутранаму развіццю і руху наперад".

Фестываль дзіцячай творчасці быў арганізаваны на клімавіцкай зямлі ў 1996 годзе па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта. На свята запрасілі бліжэйшых суседзяў - дзіцячыя калектывы з Касцюковіч, Крычава, Слаўгарада і расійскага пасёлка Шумячы. Фестываль прайшоў з вялікім размахам і называўся "Залатой пчолкай", паколькі сімвалам горада Клімавічы з'яўляецца герб з выявай пчалы. У наступным годзе мерапрыемства ўжо стала рэгіянальным, а з 2021-га атрымала статус міжнароднага.

Фестываль "Залатая пчолка" набыў вялікую папулярнасць у краінах блізкага і далёкага замежжа. За гады існавання ў ім прынялі ўдзел выканаўцы і творчыя калектывы з 26 краін. Тут заззяла нямала яркіх зорачак, для многіх творчае мерапрыемства стала сапраўдным трамплінам у творчае будучае. Фестываль вызначае шматграннасць, жанравая разнастайнасць, шчырая і цёплая атмасфера.

БелТА