На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Святы народнага календара стануць асновай выстаўкі-кірмашу «Кола жыцця» ў Александрыі

8 ліпеня 2022

Святы народнага календара стануць асновай выстаўкі-кірмашу "Кола жыцця" на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

"Выстаўка будзе прадстаўлена ў форме дэкаратыўнага кола, што па традыцыі вянчала кірмашовы слуп на народных гуляннях, вакол якога размесцяцца кірмашовыя вулачкі. Пад сімвалам кола жыцця пройдзе і прэзентацыя свят беларускага народнага календара, у якіх адлюстраваны нацыянальны характар і рысы беларускага народа - гасціннасць, працавітасць, сфакусіраваны вялікі жыццёвы вопыт многіх пакаленняў", - расказалі спецыялісты.

Кожная вобласць і Мінск прадставяць інтэрактыўную прэзентацыйную экспазіцыю, тэматычныя творческыя праграмы, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асноўная ідэя - адлюстраваць святы народнага календара беларускага народа. Напрыклад, Магілёўская вобласць будзе прадстаўляць летнія святы, асенні цыкл прэзентуе Гомельская і Віцебская вобласці, зімовы перыяд прадставяць Мінская вобласць і Мінск, а веснавыя святы - Брэсцкая і Гродзенская вобласці. Тут можна будзе пазнаёміцца са святамі "Гуканне вясны", "Багач", "Вялікдзень", "Юр'е", "Сёмуха", святам рамеснікаў "Казюкі", абрадамі "Цары", "Шчадрэц", "Купалле", "Пятроў дзень", "Зажынкі", "Жніво-сенакос", Мядовым, Яблычным, Арэхавым і Хлебным спасамі, "Зялёныя святкі (Тройца)", "Ільінскі кірмаш" і іншыя.

"Кожны рэгіён у сваёй экспазіцыі пастараецца перадаць мясцовы каларыт. Пазнаёмяць гасцей "Купалля" з асаблівасцямі народных свят у розных рэгіёнах, - адзначылі спецыялісты. - Тут жа можна будзе пазнаёміцца з майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асаблівасцямі народных майстроў рэгіёнаў".

Майстры народнай творчасці Брэсцкай вобласці прадставяць ткацтва, вышыўку, кераміку, бондарства, вырабы з раслінных матэрыялаў. Гомельская вобласць прадэманструе тканыя і вышываныя ручнікі з розных раёнаў рэгіёна, вырабы з саломкі і лёну, традыцыі бортніцтва, прадукцыю пчалярства і музей хлеба. Гродзенская дэлегацыя пазнаёміць з майстрамі народнай творчасці, вядомымі носьбітамі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны. Акрамя таго, яны плануюць правесці майстар-класы па традыцыйных рамёствах: пляценне з прыродных матэрыялаў, размалёўка велікодных яек, ткацтва, выцінанка, традыцыйная выпечка.

У цэнтры выставачна-кірмашовай пляцоўкі будзе ўстаноўлена сцэна, дзе на працягу дня творчыя і народныя калектывы рэгіёнаў прадставяць насычаную, яркую і разнастайную канцэртную праграму.

"Кола жыцця" - навінка свята "Купалле" ў гэтым годзе. Арганізатары ўпэўнены, што такі фармат выстаўкі-кірмашу стане не толькі адной з самых яркіх пляцовак фестывалю ў Александрыі, але і пазнавальнай. "Госці фестывалю змогуць больш даведацца пра традыцыі розных рэгіёнаў, гісторыю нашай краіны і яе народныя абрады. Захаванне народных традыцый - сувязнае звяно паміж пакаленнямі, адметная рыса беларускай культуры, наша самабытнасць і непадобнасць на іншыя народы", - адзначылі ў абласным цэнтры.

Выстаўка-кірмаш "Кола жыцця" будзе працаваць на працягу ўсяго святочнага дня на александрыйскім полі. Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") пройдзе ў Шклоўскім раёне 9-10 ліпеня.

БелТА