На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Адзіную платформу дыстанцыйнага навучання плануюць укараніць у 2021/2022 навучальным годзе

24 жніўня 2020

Адзіную адукацыйную платформу дыстанцыйнага навучання плануюць укараніць у Беларусі ў пачатку 2021/2022 навучальнага года, паведаміў сёння журналістам на жнівеньскім педсавеце работнікаў адукацыі Гомельскай вобласці міністр адукацыі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пандэмія падказала, трэба паскарацца ў пытаннях дыстанцыйнага навучання. І цяпер мы актыўна працуем над адзінай адукацыйнай платформай, якая павінна быць прэзентавана да канца гэтага каляндарнага года. Плануецца, што поўнамаштабна яна пачне працаваць з наступнага навучальнага года", - расказаў міністр.

На платформе будуць прадстаўлены напрацоўкі ў тым ліку з рэгіёнаў. "Мы прапанавалі абласцям расказаць пра лепшы вопыт настаўнікаў, які ёсць, запісаць відэаўрокі, унесці свае прапановы, што яны хацелі б бачыць на гэтай платформе", - адзначыў міністр. Напрыклад, некаторыя элементы для будучага рэсурсу ўбачылі і на выстаўцы, якая працавала сёння на жнівеньскім педсавеце ў Рэчыцы.

Цяпер інфармацыя, якая паступае, акумулюецца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. "У выніку мы павінны атрымаць платформу, якая будзе працаваць незалежна ад функцыянавання школы", - дадаў кіраўнік ведамства.

Ён звярнуў увагу, што дзеці хварэлі і да пандэміі, па розных прычынах прапускалі заняткі. "Сітуацыі былі розныя. Платформа дасць магчымасць дзіцяці паглядзець тыя ўрокі, якія праходзяць школьнікі ў пэўны момант, бо ў нас выбудавана адзіная метадычная сістэма, структура", - растлумачыў міністр.

На нарадзе Ігар Карпенка падзякаваў педагогам рэгіёна за тое, што яны ўключыліся ў распрацоўку новага рэсурсу. "І хоць я ўпэўнены ў тым, што ніякая дыстанцыйная платформа не заменіць класна-ўрочную сістэму, тыя прамыя, жывыя стасункі, якія неабходны ва ўстановах адукацыі, думаю, гэту работу з вашай дапамогай мы завершым да канца бягучага года, зможам яе прэзентаваць і затым пасля азнаямлення ўсе змогуць выказаць свае заўвагі", - сказаў ён.

Прадугледжваецца, што платформа стане дапаўненнем да адукацыйнага працэсу, а таксама своеасаблівай падмогай для маладых спецыялістаў.

Удзельнікамі жнівеньскага педсавета Гомельскай вобласці сталі больш за 700 чалавек. На нарадзе настаўнікам уручылі заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку і за падрыхтоўку пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прызамі "За асаблівы ўклад у развіццё адукацыі" ўзнагародзілі прадпрыемствы, якія аказваюць падтрымку ўстановам адукацыі вобласці. Добрыя словы прагучалі і ў адрас ветэранаў педагагічнай працы.