На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Беларусь сур'ёзна занепакоена маніпуляваннем "дзіцячым парадкам дня" ў ААН

13 лістапада 2023

Беларусь сур'ёзна занепакоена маніпуляваннем "дзіцячым парадкам дня" ў ААН. Аб гэтым заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Павел Яўсеенка на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН па формуле Арыі "Барацьба з прымусовым разлучэннем і незаконнай эксплуатацыяй дзяцей", паведамілі БЕЛТА ў пастаянным прадстаўніцтве.

"Дзеці заўсёды становяцца першымі ахвярамі вайны. Беларусь сур'ёзна занепакоена згубным і шырокамаштабным уздзеяннем узброеных канфліктаў на дзяцей, а таксама іх доўгатэрміновымі наступствамі для ўстойлівага міру, бяспекі і развіцця", - падкрэсліў дыпламат.

Ён звярнуў увагу, што Беларусь надае важнае значэнне рабоце офіса спецыяльнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН па пытанні аб дзецях і ўзброеных канфліктах у справе ўзмацнення абароны дзяцей, якія пацярпелі ў выніку ўзброенага канфлікту, павышэння дасведчанасці, збору інфармацыі аб становішчы такіх дзяцей і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва для ўдасканалення мер іх абароны.

"Беларусь застаецца цалкам прыхільнай да справы абароны дзяцей ва ўзброеных канфліктах і паслядоўна ўносіць свой уклад у паляпшэнне гуманітарнай сітуацыі ў свеце", - заявіў Павел Яўсеенка. Ён нагадаў, што на працягу дзесяцігоддзяў існуе традыцыя запрашаць у Беларусь для адпачынку і аздараўлення дзяцей з краін, закранутых рознымі бедствамі. Пачынаючы з 1991 года ў гэтых мэтах нашу краіну наведалі больш за 21 тыс. дзяцей з больш як 40 краін.

"Беларусь сур'ёзна занепакоена маніпуляваннем "дзіцячым парадкам дня" ў ААН і вельмі расчаравана палітызацыяй гуманітарнай дзейнасці Беларусі па арганізацыі адпачынку для дзяцей з замежных краін у беларускіх аздараўленчых установах, - падкрэсліў намеснік пастаяннага прадстаўніка. - Гэта пытанне стала прадметам спекуляцый з боку некаторых еўрапейскіх палітычных і дзяржаўных дзеячаў".

Пры гэтым яны не прыводзяць ніводнага канкрэтнага факта, ніводнага імя дзіцяці, якое было б насільна перамешчана ў Беларусь або не пакінула яе тэрыторыю пасля адпачынку і аздараўлення.

"Мы не прымаем спробы зламыснага скажэння фактаў і іх вольных інтэрпрэтацый", - заявіў Павел Яўсеенка. Паводле яго слоў, у Беларусі будуць рады прыняць прадстаўнікоў ААН з візітам.

Акрамя таго, раней быў праведзены брыфінг для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў нашай краіне, для растлумачэння фармату такой работы адбылася азнаямленчая паездка дыпламатаў у месцы адпачынку і аздараўлення дзяцей. "Усе тыя, хто хацеў упэўніцца ў законнасці і абгрунтаванасці гуманітарных намаганняў нашай краіны, мелі для гэтага ўсе магчымасці", - акцэнтаваў увагу дыпламат.

Беларусь з'яўляецца адказным удзельнікам Канвенцыі аб правах дзіцяці і факультатыўных пратаколаў да яе і аказвае дзецям дапамогу, кіруючыся выключна гуманітарнымі меркаваннямі і агульначалавечымі каштоўнасцямі, падкрэсліў намеснік пастаяннага прадстаўніка.

"Мы будзем рады прадэманстраваць усім зацікаўленым тое, як гэта работа арганізавана ў нашай краіне, - дадаў ён. - Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы запэўніць у гатоўнасці беларускага боку ўмацоўваць узаемадзеянне з ЮНІСЕФ і іншымі ўстановамі і структурамі ААН у мэтах забеспячэння інтарэсаў дзіцяці".