На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Галоўчанка перадаў Такаеву запрашэнне Прэзідэнта Беларусі наведаць рэспубліку з афіцыйным візітам

26 верасня 2023


Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева з кіраўнікамі дэлегацый на Міжнароднай прамысловай выстаўцы "ІНАПРАМ. Казахстан" запрасіў яго з візітам у Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раман Галоўчанка перадаў самыя цёплыя прывітанні ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і запрашэнне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам напярэдадні пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. "Мы лічым, што такі візіт стаў бы важнейшым крокам на шляху далейшага беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва, якое з'яўляецца сапраўды стратэгічным", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.

На сённяшніх перагаворах з прэм'ер-міністрам Казахстана Аліханам Смаілавым было адзначана, што Беларусь і Казахстан яшчэ ў 2021 годзе ва ўзаемным гандлі пераадолелі рубеж $1 млрд і прыбавілі ў 2022 годзе. "Ужо за 7 месяцаў бягучага года паказваем тэмп росту тавараабароту каля 15 працэнтаў, што з'яўляецца вельмі нядрэнным вынікам, асабліва ва ўмовах цяперашняй геапалітычнай сітуацыі і ўплыву, які яна аказвае на эканомікі ўсіх краін рэгіёна", - прывёў лічбы Раман Галоўчанка.

На выстаўцы "ІНАПРАМ" шырока абмяркоўвалася тэма прамысловай кааперацыі. "Казахстан узяў курс на развіццё апрацоўчай прамысловасці, стварэнне новых вытворчасцей і паглыбленне спецыялізацыі дзеючых. Тыя напрамкі, якія мы выбралі з Казахстанам па развіцці вытворчасцей сельгасмашынабудавання, у поўнай меры гэтым задачам адпавядаюць. У штогадовым пасланні народу Казахстана 1 верасня была пастаўлена задача абнаўлення не менш як 10 працэнтаў парку машынна-трактарнай тэхнікі. Мы гатовы разам з казахстанскімі партнёрамі ўдзельнічаць у рэалізацыі гэтай задачы. Ужо створаныя магутнасці нашых прадпрыемстваў у Казахстане даюць магчымасць вырабляць больш як 10 тыс. трактароў і больш як 1 тыс. камбайнаў. У гэтым годзе ў нас запусціцца вытворчасць трактарных кабін, плануем развіваць вытворчасць рухавікоў, мастоў і гэтак далей. Гэта толькі адзін з прыкладаў нашага паспяховага і плённага ўзаемадзеяння, якое выгадна абедзвюм дзяржавам", - адзначыў беларускі прэм'ер.

На беларускай экспазіцыі выстаўкі "ІНАПРАМ" была прадстаўлена вялікая лінейка пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, якую Беларусь гатова вырабляць у Казахстане і ў далейшым выходзіць з ёй на рынкі сумежных дзяржаў, прадоўжыў ён. "Нашы перагаворы з прэм'ер-міністрам Казахстана былі канструктыўнымі, плённымі. Мы разлічваем замацаваць іх і паставіць новыя задачы перад урадам у ходзе вашага маючага адбыцца візіту ў Рэспубліку Беларусь", - звярнуўся Раман Галоўчанка да Прэзідэнта Казахстана.