Прамвытворчасць у Беларусі ў студзені-маі вырасла на 4,1 працэнта
19 чэрвеня 2023
![](https://blr.belta.by/images/storage/news/with_archive/2023/000021_1686930518_129252_big.jpg)
Аб'ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў студзені-маі склаў Br73,2
млрд, або ў супастаўных цэнах 104,1 працэнта да ўзроўню аналагічнага
перыяду 2022 года, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным
камітэце.
Вытворчасць у горназдабыўной прамысловасці вырасла на 3,8 працэнта, у апрацоўчай - на 5,2 працэнта.
Па
відах эканамічнай дзейнасці "Забеспячэнне электраэнергіяй, газам,
парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам" вытворчасць скарацілася
на 2,4 працэнта, а ў водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні
адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў - вырасла на 0,1
працэнта.
Індэкс прамысловай вытворчасці за май 2023 года да мая 2022-га склаў 111,3 працэнта, да красавіка 2023 года - 100,8 працэнта.