Наладкі
Наладкі шрыфта
Arial
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Паменшаны
Стандартны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
АСІПОВІЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
22 верасня 2022

У Магілёўскай вобласці рэалізуецца першы ў Беларусі праект у племянным казаводстве

У Магілёўскай вобласці рэалізуецца першы ў Беларусі праект у галіне племяннога казаводства. Пра гэта расказаў генеральны дырэктар РУСПП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» Мікалай Арлёнак.

Першая ў Беларусі Дзяржаўная казіная ферма створана на базе Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства. Праект стаў часткай зацверджанай пастановай Саўміна Дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнэс» на 2021 2025 гады і прадугледжвае развіццё племяннога казоводства на тэрыторыі вобласці. Для яго функцыянавання закуплены 150 жывёл альпійскай і зааненскай парод, адрамантаваны два жывёлагадоўчыя памяшканні, пабудавана сучасная даільная зала на 24 месцы і домікі для ўтрымання маладняку. На працягу месяца будуць скончаны работы па ўладкаванні радзільнай залы.

Ферма дазволіць рэалізоўваць племянных жывёл і насенны матэрыял высокай генетычнай каштоўнасці (у планах – будаўніцтва рэпрадуктара штучнага абнасеньвання коз). Таксама тут будуць вырабляць высакаякаснае малако, якое будзе перапрацоўвацца на Шклоўскім масларобным заводзе. Зараз на прадпрыемстве прапрацоўваюцца рынкі збыту новай прадукцыі.

«У перспектыве павялічыць колькасць маткавага пагалоўя да 500 коз, што дазволіць закрыць поўную патрэбу ў краіне ў племянным маладняку з высокай генетычнай каштоўнасцю, – адзначыў Мікалай Арлёнак. – Племянны статак ужо завезены, пачата праца па гадоўлі жывёл. Літаральна за некалькі месяцаў на магілёўскай зямлі ўжо з’явіліся 35 казлянят. Варта адзначыць, што пароды для гадоўлі выбраны невыпадкова: гэтыя жывёлы адрозніваюцца высокай малочнай прадуктыўнасцю, устойлівасцю да захворванняў і непераборлівасцю ў доглядзе. Акрамя гэтага, яны выдатна прыстасоўваюцца да складаных і нават экстрэмальных кліматычных умоў».

Кормяцца жывёлы якасным сенам і камбікормам. Дарэчы, нарыхтоўку кармоў прадпрыемства вядзе на сваіх палях плошчай 495 га. Так, для ўласных патрэбаў ужо нарыхтавана амаль 2,9 тыс. т сенажу, 380 т сена, каля 270 т саломы. На сёння козы толькі раздойваюцца, адна жывёла дае прыкладна 2,5 л малака ў дзень – і гэта ўжо нядрэнны вынік для першага года. У перспектыве надой можа ўзрасці да 8 л і вышэй. Аднак для таго каб малако пастаўлялася на перапрацоўку, неабходна выйсці на лічбу ў 300 л на дзень. Плануецца, што ўжо праз 2-3 месяцы першая прадукцыя магілёўскага казаводства ўжо з’явіцца на паліцах магазінаў. Гэта будзе пажыўнае і гіпаалергеннае малако, якое расфасуюць у ПЭТ-бутэлькі па 0,9 л. Зараз распрацоўваецца канцэпцыя брэнда, пад якім яно будзе выпускацца.

На сёння дойны статак складае 36 галоў. Малако пакуль ідзе на выпойку маладняку, аднак ужо зусім хутка будзе пастаўляцца на перапрацоўку. Дарэчы, у казінага малака гэтых парод цалкам адсутнічае спецыфічны пах, а пра карысць натуральнага прадукту можна гаварыць гадзінамі. Па карысці яно пераўзыходзіць каровіна і з’яўляецца крыніцай комплексу незаменных біялагічна актыўных рэчываў, якія станоўча ўплываюць на імунітэт і агульны стан здароўя чалавека, павышаюць пажыўнасць штодзённага рацыёну. Казінае малако вядомае таксама сваімі лячэбнымі ўласцівасцямі: вялікая колькасць незаменных поліненасычаных тоўстых кіслот, якія змяшчаюцца ў ім, дапамагаюць арганізму змагацца з інфекцыйнымі захворваннямі, нармалізуюць узровень халестэрыну.

Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства – найбуйнейшае па вытворчасці высакаякаснай біяпрадукцыі ў Беларусі. Яго спецыялісты працуюць над паляпшэннем парод і прадуктыўных якасцяў сельскагаспадарчых жывёл, распрацоўваюць і рэалізуюць племянныя селекцыйныя праграмы, накіраваныя на павышэнне генетычнага патэнцыялу малочнай прадуктыўнасці, паляпшэнне тыпу целаскладу жывёлы.

mogilev-region.gov.by

Да спіса навін