Арганізацыі "Белпалівагазу" здабылі 1,2 млн тон торфу
Арганізацыі тарфяной прамысловасці ДВА "Белпалівагаз" здабылі 1,2 млн тон торфу, што складае 53 працэнты ад гадавога плана, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
У Мінэнерга адзначылі, што аб'ёмы здабычы торфу на 17 працэнтаў перавышаюць паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года. "Нягледзячы на складаныя для тарфяной галіны ўмовы надвор'я, якія назіраліся вясной бягучага года і былі абумоўлены павышэннем узроўню вады ў рэках і вялікімі паводкамі, торфазаводы змаглі забяспечыць неабходную дынаміку работ, за кошт своечасовай падрыхтоўкі плошчы і тэхнікі ў намечаныя тэрміны правесці асушку палёў для далейшай торфаздабычы", - расказалі ў прэс-службе.
За кошт зладжанай работы звёнаў усіх узроўняў растуць аб'ёмы вытворчасці торфапрадукцыі: адгрузка спажыўцам тарфяной сушонкі ў бягучым сезоне павялічылася ў 1,7 раза і склала 53 тыс. т, паліўных брыкетаў - на 6 працэнтаў да 371 тыс. т.