Больш за 12 тыс. рашэнняў аб размарозцы сямейнага капіталу прынята ў Беларусі
У Беларусі прынята ўжо больш за 12 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА, прымеркаванага да Міжнароднага дня сем'яў.
Праграма сямейнага капіталу дзейнічае з 2015 года і з'яўляецца доўгатэрміновай мерай у сістэме дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем'яў. Яна даказала сваю эфектыўнасць: колькасць дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі з 2015 па 2019 год, павялічылася на 40 працэнтаў у параўнанні з перыядам 2010-2014 гадоў. І з 1 студзеня праграма прадоўжана на новую пяцігодку. З гэтага перыяду сямейны капітал устанаўліваецца ў памеры Br22,5 тыс. і назначаецца пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) у перыяд з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года трэцяга або наступных дзяцей. Але ёсць нюанс, характэрны для праграм абедзвюх пяцігодак: звярнуцца па назначэнне сямейнага капіталу трэба на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей. Гэта значыць, што пасля 1 студзеня гэтага года некаторыя сем'і адкрылі дэпазітныя рахункі на дзяцей, народжаных да гэтай даты. І па 30 чэрвеня 2020 года яшчэ могуць паступаць звароты ад сем'яў па назначэнне капіталу па старой праграме.
Асноўнай навацыяй сямейнага капіталу стала пашырэнне напрамкаў яго датэрміновага выкарыстання (незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты назначэння сямейнага капіталу). Шматдзетныя сем'і могуць патраціць гэтыя сродкі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылля, атрыманне на платнай аснове адукацыі і медыцынскіх паслуг.
"Па стане на 1 мая 2020 года для шматдзетных сем'яў адкрыта 83,2 тыс. дэпазітных укладаў "Сямейны капітал" на суму $815,1 млн і Br38,2 млн. Актыўна карыстаюцца сем'і магчымасцю датэрміновага распараджэння гэтымі сродкамі. Прынята больш за 12 тыс. такіх рашэнняў, з іх больш за 90 працэнтаў - на паляпшэнне жыллёвых умоў", - сказала Марына Арцёменка.
Прычым больш за ўсё такіх рашэнняў прынята ў Брэсцкай вобласці (2832), далей ідуць Мінская (2018), Гомельская (1942), Мінск (1626), Гродзенская вобласць (1544), Віцебская (1174) і Магілёўская (1100).