Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі за 26 гадоў вырас у 12 разоў
Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі за 26 гадоў вырас у 12 разоў. Аб гэтым заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў час пленарнага пасяджэння дзелавога форуму на 26-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўцы-кірмашы "Прадэкспа", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць з'яўляецца адной з самых развітых галін эканомікі нашай краіны. Сёння беларусы ў поўнай меры забяспечаны высакаякаснымі айчыннымі прадуктамі харчавання. Усяго 26 гадоў таму складана было ўявіць, што Беларусь зможа не толькі пракарміць сябе, але і ў 12 разоў нарасціць экспарт прадукцыі. Гэта наша перамога, - сказаў Ігар Брыло. - Сёння беларускія прадукты харчавання карыстаюцца заслужаным прызнаннем і даверам спажыўцоў, пастаўляюцца на экспарт у больш як 100 краін. Па некалькіх відах малочнай прадукцыі наша краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў".
Намеснік міністра адзначыў, што, нягледзячы на пандэмію, аграпрамысловы комплекс у 2020 годзе працаваў стабільна, атрыманы добры ўраджай. "Чакаецца, што па выніках года аб'ёмы вытворчасці ў сферы АПК вырастуць больш як на 5,5 працэнта ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. Ёсць упэўненасць, што галіна забяспечыць вытворчасць на ўзроўні $10 млрд, а экспарт дасягне $5,8 млрд (рост на 6 працэнтаў да 2019 года)", - заявіў ён.
Выстаўка-кірмаш "Прадэкспа" праходзіць у Мінску з 10 па 13 лістапада. У час выстаўкі арганізаваны дзелавы форум "Стратэгічныя перспектывы развіцця харчовай прамысловасці Беларусі", які сабраў прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў, кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў харчовай сферы. Запланаваны таксама кангрэс вытворцаў і гандлёвых сетак, дэгустацыйны конкурс, кулінарны кубак і прафесійны форум хлебапёкаў і кандытараў "Міжнародны хлебны салон". У праграме і прэзентацыі, майстар-класы, інтэрактыўныя шоу.