МАЗ прэзентаваў свае навінкі на транспартным фестывалі ў Санкт-Пецярбургу
Мінскі аўтамабільны завод прадставіў навінкі тэхнікі на IV Міжнародным транспартным фестывалі SPbTransportFest у Санкт-Пецярбургу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
На выстаўцы інавацыйнага транспарту і абсталявання МАЗ паказаў перонны электробус МАЗ-271е01, які абсталяваны цягавым электрарухавіком з каробкай перадач EV105, магутнасцю 180 кВт. Пры стварэнні новай мадэлі МАЗ-271е01 тэхнічныя спецыялісты завода, акрамя экалагічнасці і надзейнасці, зрабілі ўпор на камфорце для пасажыраў і вадзіцеля.
Таксама прэзентаваны аўтобус МАЗ-210047 з павялічанай салоннай прасторай, якая дазваляе ўмясціць большую колькасць пасажыраў, і электрагрузавік МАЗ-4381Е0 грузападымальнасцю 5,7 тыс. кг, з тэхнічна дапушчальнай поўнай масай 12,5 т, прызначаны для работы ў гарадскіх умовах.
"Экспазіцыя Мінскага аўтазавода - адна з самых запатрабаваных на транспартным фестывалі, - сказалі ў прэс-службе. - Электробусы МАЗ-271Е01 будуць перавозіць пасажыраў у аэрапорце Пулкава. Падпісана пагадненне аб перадачы ў доследную эксплуатацыю ў аэрапорт Пулкава першага ў Расіі пероннага электробуса".