Мінімальная зарплата ў Беларусі з 1 студзеня 2022 года вырасце да Br457
З 1 студзеня 2022 года памер месячнай мінімальнай заработнай платы складзе Br457. Гэта рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 14 снежня 2021 года нумар 721, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
На бягучы год месячная мінімальная заработная плата ў Беларусі была ўстаноўлена ў памеры Br400 (зацверджана пастановай урада ад 21 снежня 2020 года нумар 740). З улікам індэксацыі памер МЗП вырас да Br418,14.
Новы нарматыў мінімальнага ўзроўню аплаты працы быў раней адобраны на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, паколькі з 15 лістапада змяніўся парадак устанаўлення гэтага нарматыву. Раней ён зацвярджаўся ўрадам у прывязцы да мінімальнага спажывецкага бюджэту. Цяпер памер месячнай МЗП павінен складаць не менш як 30 працэнтаў ад прагнознага значэння намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы, вызначанага ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.