Нацбанк прагназуе сярэднегадавое значэнне стаўкі рэфінансавання ў межах 9-10 працэнтаў гадавых
Нацбанк прагназуе сярэднегадавое значэнне стаўкі рэфінансавання ў межах 9-10 працэнтаў гадавых. Аб гэтым расказаў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка, паведамляе БЕЛТА.
"У 2022 годзе працэнтная палітыка па-ранейшаму будзе арыентавана на падтрыманне працэнтных ставак фінансавага рынку на дадатным узроўні у рэальным выражэнні. Пры гэтым не выключаецца, што па меры запаволення інфляцыі і пры адсутнасці новых шокаў у эканоміцы працэнтныя стаўкі на крэдытна-дэпазітным рынку пачнуць паступова зніжацца. У частцы стаўкі рэфінансавання прагназуецца, што яе сярэднегадавое значэнне ў 2022 годзе складзецца ў межах 9-10 працэнтаў гадавых", - сказаў Сяргей Калечыц.
Нацбанк у мінулым годзе на фоне паскарэння інфляцыі двойчы прымаў рашэнні аб павышэнні стаўкі рэфінансавання. З 21 ліпеня 2021 года яна была ўстаноўлена на ўзроўні 9,25 працэнта гадавых. "У далейшым пры разглядзе пытанняў па грашова-крэдытнай палітыцы стаўка рэфінансавання захоўвалася нязменнай. У аснове гэтых рашэнняў было перш за ўсё спыненне далейшага паскарэння інфляцыі пад уздзеяннем фундаментальных фактараў, а таксама яе паступовае запаволенне, што ў цэлым адпавядала прагнозным чаканням Нацыянальнага банка", - адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.