Сельгасарганізацыі Беларусі завяршаюць масавую ўборку шматгадовых траў першага ўкосу
Сельскагаспадарчыя арганізацыі Беларусі завяршаюць масавую ўборку шматгадовых траў першага ўкосу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
"У 2021 годзе плошча шматгадовых траў першага ўкосу захавалася на ўзроўні мінулага года і складае 1,3 млн га. Нягледзячы на больш позняе паспяванне шматгадовых траў (на 5-7 дзён пазней, чым у 2020-м), тэмпы іх уборкі вышэйшыя за леташнія. На сёння травы першага ўкосу ў краіне скошаны на 1212,9 тыс. га (92,9 працэнта да плана, у 2020 годзе быў 81 працэнт)", - расказалі ў прэс-службе.
Усяго ў Беларусі нарыхтавана 2183,5 тыс. т кармавых адзінак травяных кармоў (113 працэнтаў да ўзроўню мінулага года), што на адну ўмоўную галаву жывёлы складае 7 ц кармавых адзінак (плюс 0,8 ц да адпаведнага перыяду 2020 года).
Паводле аператыўных даных, у краіне праведзена яравая сяўба на плошчы 2,5 млн га, з іх яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры размешчаны на плошчы 1,1 млн га, цукровыя буракі - 84,8 тыс. га, лён-даўгунец - 41,8 тыс. га, бульба - 23,2 тыс. га, агародніна - 5 тыс. га, кукуруза на сілас і зялёны корм - 854,9 тыс. га.
З улікам прагнозу фітасанітарнага стану пасеваў вядзецца іх абарона ад хвароб і шкоднікаў.