Татарыцкі: пытанням энергаэфектыўнасці ў сферы ЖКГ трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу
Пытанням энергаэфектыўнасці ў сферы ЖКГ трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу. Аб гэтым заявіў старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі ў час сустрэчы з працоўнымі калектывамі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, яго рэгіянальных упраўленняў па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў і падведамных прадпрыемстваў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарту.
"Мы павінны знаходзіцца ў пастаянным развіцці і ў сваёй рабоце бачыць карысць для ўсёй краіны. У першую чаргу важна быць інтэграванымі ў прамысловасць, ведаць яе інтарэсы і дапамагаць у вырашэнні актуальных задач. Нягледзячы на складаныя ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць, вынікі паказваюць, што айчынная прамысловасць дастойна спраўляецца. Наша работа павінна быць нацэлена на яе развіццё", - сказаў Валянцін Татарыцкі.
У ходзе сустрэчы прагучалі прапановы па новых напрамках, правадніком якіх можа стаць Дэпартамент па энергаэфектыўнасці. Валянцін Татарыцкі адзначыў некалькі напрамкаў, якія заслугоўваюць увагі: будаўніцтва энергакрыніц на мясцовых відах паліва, у прыватнасці, з выкарыстаннем пелет, правядзенне экспертызы энергетычнай эфектыўнасці праектаў і шэраг іншых. "Аднак любая ідэя або прапанова павінны быць дасканала прапрацаваны, вывучаны, прааналізаваны на аснове існуючай профільнай і публічнай інфармацыі. Абавязкова трэба спрагназаваць эфект ад рэалізацыі праекта для эканомікі краіны і грамадзян", - падкрэсліў ён.
На думку кіраўніка камітэта, дэпартаменту трэба ўзмацніць увагу да пытанняў энергаэфектыўнасці ў сектары жыллёва-камунальнай гаспадаркі, актуальнасці патрабаванняў да электрапрыбораў, якіх у кожным доме прымяняецца не адзін дзясятак.
Адказваючы на пытанне аб узаемадзеянні Беларусі з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва і БРІКС, старшыня Дзяржстандарту адзначыў, што гэта дасць магчымасць краіне пашырыць свае магчымасці на міжнародным узроўні, атрымаць выгады для прамысловага і гандлёва-эканамічнага развіцця. У прыклад ён прывёў работу ў рамках міжнародных арганізацый па стандартызацыі, якая дае магчымасць краіне быць у курсе сусветнай тэхнічнай палітыкі і прымяняць у сябе сучасныя патрабаванні да той ці іншай прадукцыі.
"Чаму б нам не пашырыць склад Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі краін СНД? Тым больш што ёсць краіны, якія жадаюць удзельнічаць у нашай рабоце, напрыклад, Манголія, Іран, Турцыя. Гэту тэму мэтазгодна паабмяркоўваць з калегамі", - падзяліўся меркаваннем Валянцін Татарыцкі, які ўзначальвае галіновы савет у 2023-2025 гадах.
Старшыня Дзяржстандарту адзначыў, што праводзіцца сістэмная работа ў галіне энергаэфектыўнасці, і звярнуў увагу на дасягненні Беларусі па зніжэнні энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту, якія значна лепшыя за агульнасусветнае значэнне.