У Беларусі лібералізуюць патрабаванні пры ліцэнзаванні дзейнасці ў сферы судовых экспертыз
У Беларусі лібералізуюць патрабаванні пры ліцэнзаванні дзейнасці па правядзенні судовых экспертыз. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ДКСЭ.
Прэзідэнт 13 жніўня падпісаў указ нумар 306, яго нормы накіраваны на рэалізацыю прынятага ў 2019 годзе закона "Аб судова-экспертнай дзейнасці" і лібералізацыю ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў пры ліцэнзаванні дзейнасці па правядзенні судовых экспертыз. Змяненні ініцыяваны ДКСЭ.
"Згодна з указам нумар 306 для атрымання юрыдычнай асобай ліцэнзіі ў яе штаце замест двух судовых экспертаў па кожным відзе (падвідзе) судовай экспертызы дапускаецца наяўнасць аднаго. Для індывідуальных прадпрымальнікаў скарочаны з 3 да 2 гадоў неабходны стаж экспертнай работы ў судова-экспертнай арганізацыі, перш чым ён зможа атрымаць ліцэнзію. Скарочаны таксама пералік грубых парушэнняў заканадаўства аб ліцэнзіраванні ў гэтай сферы", - расказалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, як звярнулі ўвагу ў прэс-службе, упершыню ўрэгулявана пытанне правядзення судовых экспертыз у выпадку прыпынення або спынення дзеяння ліцэнзіі ў цэлым, па адным або некалькіх відах (падвідах) судовых экспертыз, яе анулявання. "У гэтых выпадках нявыкананыя судовыя экспертызы падлягаюць вяртанню органу (асобе), што назначыў судовую экспертызу", - растлумачылі ў ДКСЭ.
Новаўвядзеннем указа нумар 306 стаў абавязак адлюстравання ў ліцэнзіях звестак аб месцах ажыццяўлення дзейнасці па правядзенні экспертыз. "Гэта запатрабуе ўнясення змяненняў у ліцэнзіі ў тэрмін да 1 мая 2021 года. Зацверджаны дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз графік будзе даведзены да ведама ліцэнзіятаў загадзя", - адзначылі ў прэс-службе камітэта.
Указ нумар 306 уступіць у сілу з 1 студзеня 2021 года.