У Беларусі на падтрымку эканомікі з-за каранавіруса плануецца накіраваць Br110 млн
У Беларусі на падтрымку эканомікі з-за каранавіруса плануецца накіраваць амаль Br110 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэм'ер-міністр Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Комплекс мер па падтрымцы эканомікі ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. "Цяжка падлічыць усе меры. Магу толькі сказаць, што прамыя меры бюджэтна-падатковай падтрымкі складуць амаль Br110 млн", - праінфармаваў прэм'ер-міністр.
Прапанаваны пакет мер ён назваў неардынарным. "Ён прадугледжвае падтрымку цэлых сектараў, у якіх працуюць 550 тыс. чалавек", - адзначыў прэм'ер.
Комплекс мер складаецца з пяці пакетаў. "Там ёсць шэраг мер у сферы грашова-крэдытнай і прудэнцыяльнай палітыкі, падтрымка рэальнага сектара эканомікі, па абароне спажывецкага рынку", - расказаў Сяргей Румас. Прапануецца таксама пакет мер, які дасць магчымасць ініцыяваць прыняцце рашэнняў у ЕАЭС.
Урад прыняў ужо шэраг неабходных пастаноў. "Усе астатнія пастановы, якія выкладзены ў гэтым пакеце мер, будуць прыняты сёння да канца дня. Яны ўжо распрацаваны, праходзяць працэдуру ўзгаднення", - дадаў прэм'ер.
Сяргей Румас нагадаў, што Прэзідэнт уважліва ставіцца да прапаноў аб аказанні мер дзяржпадтрымкі. "Таму кіраўнік дзяржавы накіраваў гэты комплекс мер для заключэння ў іншыя дзяржорганы. Урад чакае, што калегі з Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю падзяляюць нашы падыходы аб неабходнасці аказання гэтай дзяржпадтрымкі і ў бліжэйшы час унясуць кіраўніку дзяржавы свае заключэнні", - сказаў кіраўнік урада.
Чакаецца, што пакет мер будзе прыняты ў бліжэйшы час.