У Беларусі прыняты сем новых будаўнічых норм
У Беларусі зацверджаны новыя будаўнічыя нормы. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 29 лістапада 2019 года нумар 64, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Дакументам зацверджаны будаўнічыя нормы "Узвядзенне будаўнічых канструкцый будынкаў і збудаванняў", "Геадэзічныя работы ў будаўніцтве. Асноўныя палажэнні", "Знос будынкаў і збудаванняў", "Проціпажарнае водазабеспячэнне", "Пажарная аўтаматыка будынкаў і збудаванняў", "Сістэмы ўнутранага водазабеспячэння і каналізацыі будынкаў" і "Сістэмы электраабсталявання жылых і грамадскіх будынкаў".
Нормы распрацаваны РУП "Будтэхнорм" і ўнесены галоўным упраўленнем горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Мінбудархітэктуры. Яны будуць уведзены ў дзеянне праз 60 каляндарных дзён пасля іх афіцыйнага апублікавання.
З усімі дзеючымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі ў галіне будаўніцтва, а таксама з праектамі дакументаў па будаўнічых нормах і правілах можна азнаёміцца на афіцыйным сайце ведамства (www.mas.gov.by) у нядаўна створаным раздзеле "Будаўнічыя нормы і правілы".