У ВНУ Беларусі на ўсе формы атрымання адукацыі залічана больш за 48 тыс. абітурыентаў
У ВНУ Беларусі на ўсе формы атрымання адукацыі залічана больш за 48 тыс. абітурыентаў, паведаміла сёння журналістам кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе практычна трэць ВНУ або аднавіла прыём па спецыяльнасцях, або адкрыла новыя. Гэта было запатрабавана ў абітурыентаў. Калі гаварыць аб лічбах, то больш за 26,5 тыс. прынята за кошт сродкаў бюджэту і больш за 22 тыс. - на платнай аснове. У агульнай суме мы маем больш за 48 тыс. прынятых абітурыентаў на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені", - сказала Рэма Герлоўская.
Паводле яе слоў, сур'ёзных навацый у рамках гэтай уступнай кампаніі не было. "Мы кіраваліся парадкам правядзення мінулага года. З улікам мерапрыемстваў санітарна-эпідэміялагічнага характару праводзілі ЦТ і саму ўступную кампанію - электронныя кабінеты абітурыента, лічбавыя кабінеты. Павялічаны быў прыём і ў прынцыпе закрыўся на медыцынскія спецыяльнасці, на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці за кошт сродкаў бюджэту. Высокія конкурсы былі па тых жа спецыяльнасцях, па якіх назіраецца высокая конкурсная сітуацыя ў апошнія тры гады. Гэта "стаматалогія" ў БДМУ - больш за 370 балаў. Па спецыяльнасці "дызайн" у ГрДУ імя Янкі Купалы конкурс складаў больш за 8 чалавек на месца, у БДУ па гэтай жа спецыяльнасці - больш за 9 чалавек. Абітурыентам цікавы эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці, але ўжо конкурсная сітуацыя не такая высокая. Безумоўна, у лідарах ІТ", - адзначыла кансультант упраўлення.
Рэма Герлоўская дадала: "Ва ўніверсітэты паступаюць падрыхтаваныя, матываваныя абітурыенты".