Замежныя інвестары ў І квартале ўклалі ў эканоміку Беларусі $3,4 млрд
Замежныя інвестары ў першым квартале 2022 года ўклалі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі $3,4 млрд інвестыцый, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Асноўнымі інвестарамі арганізацый краіны былі суб'екты гаспадарання Расіі (37,7 працэнта ад усіх інвестыцый, якія паступілі), Кіпра (22,9 працэнта), Нідэрландаў (8 працэнтаў) і Украіны (6,6 працэнта). Прамыя замежныя інвестыцыі склалі $3 млрд, або 88,8 працэнта ад усіх замежных інвестыцый.
Арганізацыі краіны за студзень - сакавік накіравалі за мяжу інвестыцый на суму $1,6 млрд. Значныя аб'ёмы інвестыцый былі накіраваны суб'ектам гаспадарання Расіі (81,9 працэнта ад усіх накіраваных інвестыцый), Украіны (5,7 працэнта), Літвы (2,4 працэнта) і Кіпра (2,2 працэнта). На долю прамых інвестыцый прыпадала 95,5 працэнта ўсіх накіраваных інвестыцый за мяжу.