25 августа 2015
Экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея ў Асіповічах
Гісторыка-краязнаўчы музей ў Асіповічах мае сваю ўласную экспазіцыю, якая карыстаецца поспехам у жыхароў і гасцей горада.
Хаця шлях ад ідэі да рэальнасці быў занадта доўгім: рашэнне аб утварэнні ўстановы было прынята ў 1999 годзе, і толькі праз 14 гадоў дзверы для наведвальнікаў адчыніліся...
— Першыя крокі рабіць заўсёды цяжка, — распавядае яе дырэктар Антаніна Сцяпанава. — Калі прыйшла сюды працаваць, то паставіла мэту стварыць не звычны для многіх савецкі музей, дзе прадстаўлены толькі экспанат і тэкст-апісанне, а такі, які б сам па сабе быў шыкоўным экспанатам. Пры дапамозе нашай мастачкі і дызайнера Кацярыны Шчацінка кожную залу аформілі адпаведна тэме, якую яна раскрывае. Асаблівым попытам карыстаецца так званая “хатка”, дзе праводзіцца традыцыйны вясельны абрад. Вялікая ўвага нададзена і тэме вайны і Халакоста на Асіповіччыне.
Значную колькасць прадметаў ваеннага часу перадаў музею Юрый Сцяпанаў з Лапіч, які займаецца арганізацыяй пошукава-краязнаўчай дзейнасці на тэрыторыі раёна. Акрамя гэтага ў нас ладзяцца паказы мясцовых мастакоў, майстроў і калекцыянераў, разнастайныя майстар-класы. Значную ролю ў фарміраванні выстаў адыгрываюць мясцовыя прадпрыемствы, якія часта маюць свае музеі і могуць падзяліцца экспанатамі.
Прыязджаюць выставы і з іншых гарадоў. Пасля запамінальных экзатычных насякомых Асіповічы чакае частка экспазіцыі Мірскага замка. Апошнім часам цесна ўзаемадзейнічаем з праваслаўнай царквой: “духоўныя сустрэчы”, на якіх удзельнікі абмяркоўваюць маральныя і рэлігійныя пытанні, сталі ўжо традыцыйнымі.
З’яднаныя адной мэтай Любоў да гісторыі роднага краю, зацікаўленасць сваёй справай, апантанасць прагай пераўтварыць простае наведванне музея ў незвычайную прыгоду сабралі пад адным дахам людзей разнастайных прафесій і напрамкаў.
Антаніна Францаўна адзначае:
— Нашу ўстанову па колькасці і якасці работнікаў можна назваць адметнай. Штат складаецца ўсяго з 8 чалавек, з якіх двое маюць ступень магістра — музейных і гістарычных навук. Не любы музей можа гэтым пахваліцца. Кожны з нас па сваёй сутнасці ўніверсальны. Напрыклад, Кацярына Шчацінка па адукацыі дызайнер, але адначасова цудоўна спраўляецца з работай мастака, экскурсавода і захавальніка фондаў. Марыя Саканцава працуе не толькі з копіямі гістарычных дакументаў, але і з афіцыйнымі паперамі, арганізоўвае кантакты з моладдзю, рабочы па абслугоўванні будынка дапамагае ў афармленні і г.д. Нягледзячы на розную спецыфіку работы, мы з лёгкасцю можам замяніць адзін аднаго, дапамагчы ў нечым. І ўсе святы адзначаем толькі разам!
Вось дзякуючы агульнай, зладжанай працы і здолелі зрабіць тое, што некалькі гадоў таму здавалася марай.
Па словах Саканцавай, праца ў музеі можа часткова змяніць і погляд на некаторыя жыццёвыя пытанні: — Цікава яшчэ тое, як наша работа дапамагае па-новаму раскрыць для сябе людзей, асабліва моладзь. Звычайна ўсе лічаць, что сучасныя хлопцы і дзяўчаты цікавяцца чым заўгодна, акрамя гісторыі, краязнаўства. Але вопыт паказвае, што сярод маладога пакалення ёсць людзі, якія не адносяцца абыякава да гісторыі ўласнай зямлі, да яго культурнай спадчыны.