Міжнародны дзень роднай мовы
Учора сусветная грамадскасць адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы, у рамках якой прайшлі розныя мерапрыемствы, акцыі і семінары па яе папулярызацыі і прапагандзе. Не засталіся ўбаку настаўнікі і вучні нашых школ і адзінай у вобласці беларускамоўнай гімназіі.
У ёй 650 вучняў, якія засвойваюць школьную навуку на матчынай мове. Выкладаюць гэты прадмет настаўнікі Галіна Паўлаўна Саковіч, Наталля Генадзьеўна Ганчаронак, Ларыса Анатольеўна Падвойская і Марына Фёдараўна Вікторчык.
Кожная з іх дае дзецям не толькі трывалыя веды, але і прывівае любоў да роднай мовы, да беларускай нацыянальнай культуры на ўроках і пазакласных мерапрыемствах.
Па словах адной з вопытнейшых выкладчыкаў Марыны ВIКТОРЧЫК (на здымку), дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі: няма народа без мовы, як і мовы без яго носьбіта.
Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. I тыя, каму неабыякавы яе лёс, стараюцца гаварыць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці не толькі ў гэты дзень.
Педагог Вікторчык прытрымліваецца менавіта такой пазіцыі. А яшчэ ганарыцца тым, што выхавала не адно пакаленне асіпаўчан, якія з павагай адносяцца да роднай мовы, і мае сваіх паслядоўнікаў-аднадумцаў: многія былыя вучні сталі настаўнікамі беларускай мовы. А гэта значыць, што дзень матчынай мовы яны разам з вучнямі святкуюць круглы год.