"Моладзь супраць СНIД"
"Моладзь супраць СНIД" — менавіта пад такой назвай у раённым Цэнтры культуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае дню барацьбы з гэтай жудаснай хваробай. А шостай гадзіне вечара на пляцоўцы каля РЦК сабраліся многія, каб прыняць удзел у танцавальным флэшмобе або проста паглядзець на гэта. Галоўным завадатарам флэшмоба стала кіраўніца танцавальных калектываў РЦК вясёлая і жвавая Яўгенія Мацкевіч. Танец атрымаўся рытмічны, бадзёры.
Наступны этап — народнае галасаванне за фотаздымкі, што ўдзельнічалі ў конкурсе "Сэлфі на здароўе", які прыдумаў райкам БРСМ. Да гэтага хлопцы і дзяўчаты маглі прагаласаваць за лепшае фота ў сацыяльных сетках. А яшчэ кожны, хто прыйшоў у РЦК, меў магчымасць выбраць той здымак, які больш падабаецца, з дапамогай рознакаляровых стыкераў.
Тым часам на другім паверсе цэнтра пачалася дыскатэка.
Першы сакратар раённага камітэта "БРСМ" Ганна Дземідо аб’явіла пераможцаў фотаконкурсу: у намінацыі "Меркаванне прафесійнага журы" лепшым стаў здымак Iрыны Пірожнік, у намінацыі "Адкрытае народнае галасаванне на дыскатэцы" — Мікіты Мірзаева. Акрамя таго, усё ж вырашылі ўзнагародзіць і тых, хто набраў большую колькасць галасоў у сацыяльных сетках, — за іх імкненне выйграць. Так, Аліна Сёмкіна і Ксенія Агафонава былі адзначаны ў намінацыі "Воля да перамогі". Усіх пераможцаў запрасілі прыйсці ў райкам БРСМ за падарункамі. На гэтым афіцыйная частка скончылася, і моладзі была прадастаўлена магчымасць танцаваць да ўпаду. Акрамя таго, усе маглі паўдзельнічаць у цікавых конкурсах, выйграць розныя прыемныя прызы, лепей пазнаёміцца адзін з адным.