Першае месца працы - калгас
У СВК “Калгас імя Чарняхоўскага” маладымі спецыялістамі — бухгалтарамі Анжалікай АСТАПОВIЧ і Вольгай РАСЬКО, юрыстам Уладзіславам ЗАХАРЧУКОМ — задаволены: моладзь прыйшла перспектыўная, работай цікавіцца, з абавязкамі спраўляецца.
У сваю чаргу, і маладыя кадры надта на лёс не наракаюць: у гаспадарцы сустрэлі добра, жыллём забяспечылі, маральная падтрымка ёсць.
Асіпаўчанцы Анжаліцы пры размеркаванні пасля заканчэння каледжа, мабыць, пашанцавала больш, чым Вользе і Уладу, якія прыехалі да нас з Палесся — са Столінскага і Лунінецкага раёнаў. Да аб’яднання калгаса з суседнім дзяўчына некалькі месяцаў нават паспела пабыць на пасадзе намесніка галоўнага бухгалтара, зараз жа не толькі бухгалтар па зарплаце, але і ўзначальвае калгасную прафсаюзную “пярвічку”.
— Пакуль не магу сказаць, што абавязкова застануся ў Вялікім Бару пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, — мяркуе Анжаліка, — але ўпэўнена, што ў любым выпадку работа ў СВК пойдзе толькі на карысць. Па-першае, праца ў канторы і ўзаемадзеянне з калегамі дазваляюць паглыбіць веды не толькі па бухгалтарскай справе, але і зразумець сутнасць работы іншых спецыялістаў, функцыянавання сельгаспрадпрыемства як адзінага механізма. Па-другое, спасцігаю навуку сельскага жыцця. Напрыклад, раней ніколі не даводзілася паліць кацёл. Цяпер жа займаем з Вольгай дом з паравым ацяпленнем і самі спраўляемся з гэтай задачай.
Адно толькі крыху засмучае: як ні круці, а па вечарах у вёсцы моладзі сумнавата...
Дарэчы, усе трое зараз завочна атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Дзяўчаты ездзяць на сесіі ў сталіцу — яны студэнткі БДЭУ, а Уладзіслаў вучыцца на юрыдычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Яно і правільна: веды лішнімі не бываюць, а вось паслужыць на перспектыву могуць.