12 июля 2016
Раённае свята "Агні Купля" адбылося ў аграгарадку Вяззе
Вогнішчы, песні, танцы і пошукі магічнай папараць-кветкі — менавіта так праводзілі на мінулым тыдні вольны час на Асіповіччыне: жыхары раёна актыўна святкавалі Купалле. Раённае ж мерапрыемства адбылося ў суботу: гасцей сустракаў аграгарадок Вяззе.
Стартавалі “Агні Купалля” а 18 гадзіне аднайменным тэатралізаваным прадстаўленнем, якое падрыхтавалі народныя ансамблі народнай песні “Вечарынка” (Ялізаўскі сельскі дом культуры), “Чыстыя крыніцы” (Вязаўніцкі СДК), “Вязанка” і ўзорная эстрадная студыя “Хваля” (Вяззеўскі СДК). Акрамя таго, парадаваў гледачоў сваімі выступленнямі і народны ансамбль эстраднага танца “Каприз” (РЦК).
Але не толькі песнямі і танцамі запомнілася гэта свята — гледачам не было калі сумаваць. Пасля канцэртных нумароў перайшлі да інтэрактыву з гасцямі: гульня “Купальскае кола жаданняў”, конкурсы “Лепшы купальскі вянок”, “Караоке па-беларуску”, флэшмоб “Кола беларускіх танцаў”...
І вось нарэшце тое, чаго ўсе так чакалі. Купаліш, Купалінка, прадстаўнікі народных калектываў пад музыку і словы вядучага ідуць на пляцоўку каля вады, дзе ўжо складзены касцёр. “Разгарайся, вогнішча, пырсні іскрамі, Дай цеплыні і дабра, дай нам волі...” — і ў цемры ярка ўспыхвае вялікае купальскае вогнішча. Прысутныя збіраюцца і пачынаюць вадзіць вакол галоўнага атрыбута свята карагоды. Потым жадаючых запрасіла беларуская дыскатэка.
...Тут і там у натоўпе бачны купальскія вяночкі, сплеценыя з розных кветак і траў — прыемна, што жыхары Асіповіччыны з задавальненнем падтрымліваюць адраджэнне традыцый. А што можа быць лепш, чым хоць крышачку дакрануцца да мінулага?
* * *
Дарэчы, на гэты раз свята аказалася двайное: разам з Купаллем правялі і свята вёскі Вяззе. Перад сабраўшыміся выступілі старшыня Вяззеўскага сельвыканкама Іван Вярыга, ураджэнец вёскі Станіслаў Лукашэвіч. Назвалі і самых старэйшых жыхароў Вяззя, павіншавалі сёлетніх юбіляраў, адзначылі шматдзетныя сем’і і нованароджаных, расказалі пра арганізацыі, што ёсць на тэрыторыі сельсавета, а таксама пра пераможцаў конкурсу на лепшую вуліцу Вяззя.