Спрыт і моц аграрыяў
Напрыканцы чэрвеня ў Кіраўску адбылася летняя спартакіяда сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны. У ёй прымалі ўдзел 27 каманд з сельскіх раёнаў, прадпрыемстваў, холдынгаў і аб’яднанняў АПК — усяго каля 800 чалавек.
Летняя спартакіяда стала працягам зімовай, якая адбылася ў Горках і дала старт гэтаму новаму пачынанню, якое ініцыіраваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама пры падтрымцы губернатара вобласці Пятра Рудніка.
Асіповіцкая каманда складалася з 24 чалавек, якія прадстаўлялі амаль усе гаспадаркі раёна. І на працягу трох дзён іх чакала даволі насычаная спартыўная, конкурсная і забаўляльна-пазнавальная праграма.
Спаборнічалі аграрыі ў мнагаборстве “Здароўе”, лёгкаатлетычнай эстафеце, кіданні гранаты, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, армрэстлінгу, шахматах, на паласе перашкод, стрытболе, міні-футболе і рыбнай лоўлі. Да таго ж у залік камандам уваходзілі балы, атрыманыя ў конкурсах на лепшую страву “Вясковы кацялок” і мастацкай самадзейнасці.
У выніку наша каманда заняла II месца па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — выдатныя снайперскія навыкі прадэманстраваў спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі Дзмітрый Вараб’ёў.
Дарэчы, паралельна ў Жылічах праходзіла спартакіяда сярод кіраўнікоў АПК. Тут вызначыўся намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Стурліс, які атрымаў другія месцы па стральбе з пнеўматычнага пісталета і ў дартсе.