У райвыканкаме
На сесіі раённага Савета дэпутатаў
Трэцяя сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання адбылася 18 верасня пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Пузіка з удзелам старшыні райвыканкама Пятра Шукаловіча. Запрашаліся кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, адміністрацыйных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, старшыні сельскіх Саветаў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама. Па першым з асноўных пытанняў — “Аб арганізацыі і далейшым удасканаленні адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі Асіповіцкага раёна” выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Шаўчэнка. Яна адзначыла, што ў раёне забяспечана развіццё ўсіх узроўняў адукацыі: навучаецца і выхоўваецца 7873 чалавекі: 5153 — вучняў школ, 2290 дашкольнікаў, 352 навучэнцаў каледжа, 78 выхаванцаў спецшколы-інтэрната. Зараз ва ўстановах адукацыі працуе 600 настаўнікаў-прадметнікаў, з якіх 82,3% маюць першую і вышэйшую катэгорыі, што на 6% больш за абласны паказчык. Вышэйшую адукацыю маюць амаль 88%. З гэтага навучальнага года да дзвюх ужо існуючых у раёне рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак у гімназіі і СШ № 2 далучылася трэцяя на базе СШ №4 па тэме “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”. У 2014 годзе ўладальнікамі дыпломаў абласнога этапу алімпіяды сталі 11 вучняў раёна, заваявана 2 дыпломы на рэспубліцы. Традыцыйна высокія паказчыкі ў конкурсах навукова-даследчых работ: 4 дыпломы і 10 заахвочвальных водгукаў абласнога значэння, 4 дыпломы з рэспубліканскага конкурсу. Аднак, нягледзячы на шматлікія станоўчыя моманты, існуе шэраг праблем, рашэнне якіх дазволіць павысіць узровень вучэбнага працэсу і якасць падрыхтоўкі вучняў: неабходна зрабіць капітальныя рамонты ў гарадскіх установах адукацыі, працягнуць работу па аснашчэнні вучэбных кабінетаў сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем, больш увагі надаваць здароўезберажэнню вучняў.
З ходам выканання рашэння Асіповіцкага Савета дэпутатаў ад 24 верасня 2013 года № 33-1 азнаёміў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзімір Рыжанкоў. Нягледзячы на тое, што ў раёне праведзены шэраг комплексных мерапрыемстваў —“Нелегал”, “Арсенал”, “Нагляд”, “Правапарадак”, прафілактычная работа ў сельсаветах і гарадскіх участках, — мае месца тэндэнцыя росту злачыннасці: па ўсіх лініях служб зарэгістравана 490 злачынстваў, што на 0,2 % больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Зафіксавана 21 злачынства з катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, тады як летась было 13. У структуры злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку павялічылася з 9 да 14 колькасць рабаванняў. Узбуджана больш крымінальных спраў па фактах крадзяжу: (+10%, 20-22), з гаражоў (+44,4%, 9-13), матацыклаў і мапедаў (+125%, 4-9), веласіпедаў (+35%, 17-23). У рашэнні важнейшых сацыяльных праблем недастаткова працуюць рабочыя калектывы, кіраўнікі некаторых недаацэньваюць ролю грамадскіх фарміраванняў ва ўмацаванні працоўнай дысцыпліны і грамадскага парадку, не забяспечваецца захаванне даверанай маёмасці, не на адпаведным узроўні праводзяцца мерапрыемствы па тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў, у якіх захоўваюцца матэрыяльныя каштоўнасці. Словам, кожнаму ёсць над чым працаваць.
На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло ў пятніцу пад началам старшыні Пятра Шукаловіча з удзелам старшага памочніка пракурора вобласці Уладзіміра Багукоўскага і намесніка генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Магілёўаблгаз” Уладзіміра Лесюкова, найбольшая ўвага была нададзена двум пытанням. Па першым з прадстаўленнем абласной пракуратуры аб устараненні парушэнняў заканадаўства па прафілактыцы праварушэнняў на тэрыторыі Асіповіцкага раёна, прычын і ўмоў ім садзейнічаючых выступіў прадстаўнік абласной пракуратуры. Было адзначана, што ўзровень злачыннасці ў раёне застаецца адным з самых высокіх на Магілёўшчыне. У трох сельсаветах дапушчаны рост колькасці злачынстваў: Вяззеўскім — з 13 да 17, Дараганаўскім — з 7 да 12, Карытненскім — з 2 да 13. Недастаткова прымяняюцца арганізацыйна-практычныя меры, накіраваныя на папярэджванне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян. Спыніць рост злачыннасці можа толькі больш скаардынаваная і рэгулярная работа, дэталёвае і сістэмнае выкананне запланаванага, глыбокі аналіз прычын правапарушэнняў, эфектыўная дзейнасць добраахвотных дружын і грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Адзначана, што работа праводзіцца значная, але недастатковая. Начальнік РАУС Уладзімір Рыжанкоў паведаміў, што зараз штодня з 8 вечара да 4 раніцы працуюць мабільныя групы, якія правяраюць, як вядзецца ахова аб’ектаў, наведваюць асоб, якія на ўліку ў міліцыі, кантралююць “засвечаныя” вырабам спіртных напояў і іх рэалізацыяй кропкі. Прыняцце актыўных мер ужо дазволіла дасягнуць некаторых станоўчых змяненняў у статыстыцы злачыннасці. Работа будзе працягнута.
Аб ходзе газіфікацыі на Асіповіччыне расказаў галоўны архітэктар горада Iван Малаковіч. Зараз Асіповіцкім раёнам газазабеспячэння абслугоўваецца 25776 газіфікаваных кватэр, з якіх 14752 — прыродным газам. Падведзены газ да 3727 прыватных дамоў, што на 1073 больш у параўнанні з 2011 годам. У горадзе і раёне пабудавана 334,4 кіламетра газаправодаў, у тым ліку 60,4 — за тры апошнія гады. Аднак ёсць і не вельмі аптымістычныя паведамленні — напрыклад, распрацаваныя праекты па аб’ёмах газіфікацыі прыватнага жыллёвага фонду ў аг. Ліпень, Ясень, р.п.Ялізава, якія ўключаны ў праграму на 2014 год, могуць быць да канца не рэалізаваны з-за недахопу крэдытных рэсурсаў і бюджэтнага фінансавання. Прадстаўнік “Магілёўаблгазу”, працягваючы тэму, паабяцаў, што работы ў Ліпені будуць завершаны сёлета. Расказаў ён і аб магчымасці вёсак, побліз якіх праходзіць газаправод і якія маюць значную колькасць жадаючых, правесці ў перспектыве блакітнае паліва. Каб ахоп насельніцтва газіфікацыяй уласных домаўладанняў быў большым, сельвыканкамам, аддзелу архітэктуры і будаўніцтва, райгазу трэба актыўней прапагандаваць зручнасць і выгоду забеспечэння прыродным газам. Былі разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама і многія іншыя пытанні — усяго 39, якія тычацца самых розных бакоў жыцця раёна і землякоў. Па кожным прыняты адпаведныя рашэнні.