Жыццё кожнага — у полі зроку ўлады
Днямі пад старшынствам кіраўніка райсавета дэпутатаў Аляксандра Пузіка прайшло пасяджэнне савета органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Асіповіччыны.
Аляксандр Віктаравіч падвёў вынікі работы за мінулы год і вызначыў накірункі дзейнасці сёлета. Было адзначана, што работа з насельніцтвам у сельскай мясцовасці арганізавана добра, неабходна актывізаваць яе з жыхарамі горада. Трэба памятаць, што ва ўсе часы галоўнай каштоўнасцю застаецца чалавек, і ніводзін з нашых жыхароў не павінен застацца па-за ўвагай органаў мясцовага самакіравання. Асабліва гэта датычыць сталых людзей, і найперш тых, якія жывуць у невялікіх аддаленых вёсках. Неабходна заўважаць усё: не гарыць вулічны ліхтар, у суседзяў пастаянныя сваркі, хтосьці падпольна рэалізоўвае саматужныя спіртныя напоі, стары чалавек скардзіцца, што дыміць печ, у аўталаўцы недастатковы асартымент прадуктаў — пра гэта і іншае паведамляць у сельсавет. А там ужо будзе прымацца рашэнне аб далейшых дзеяннях — самастойным вырашэнні праблемы ці далучэнні іншых службаў. Уся работа, што праводзіцца з насельніцтвам, павінна строга фіксавацца і кантралявацца.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Мікалай Гайваронскі паведаміў аб крымінагеннай абстаноўцы ў раёне і канкрэтна па тэрыторыях горада і сельсаветаў. Кожны з удзельнікаў пасяджэння адзначыў для сябе, на што трэба звярнуць першапачатковую ўвагу. Было агучана, што ў раёне каля 4 тысяч непрацуючых, прычым, лад жыцця каля тысячы чалавек не падпарадкоўваецца нормам маралі, а гэта — група рызыкі па злачыннасці. Барацьбу з дармаедамі неабходна весці на ўсіх узроўнях.
Летась раскрыццё злачынстваў дасягнула 70%, а каб яно было яшчэ большым — насельніцтва павінна аказваць дапамогу.
Начальнік РАНС Iгар Логвін расказаў аб стане работы па пажарнай бяспецы, нацэліў на больш цесную работу з грамадскасцю па прадухіленні пажараў. "Выхоўваць нецярплівасць да парушальнікаў, каб кожны, хто заўважае непарадак, сігналізаваў аб гэтым, пакуль не здарылася бяды", — прагучала настойлівая парада.
Аб арганізацыі работы па збору цвёрдых бытавых адходаў — аплаце за паслугу, стане палігонаў, заключэнні дагавораў — праінфармавала начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ДУКВП "Райсэрвіс" Надзея Дарашук.
Таксама было вырашана, каго з лепшых мясцовых актывістаў прэміраваць па выніках IV квартала мінулага года.
Работа мясцовага самакіравання вядзецца ў сістэме, чарговы семінар з яго актывам плануецца правесці ў бягучым квартале. Будзе прадоўжана і практыка сустрэч дэпутатаў з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства.