На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Вакцинируйтесь! Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Вакцинируйтесь!

Год малой радзімы. Асіповічы — гэта назаўсёды!

27 декабря 2018

Па добрай традыцыі напярэдадні навагодніх свят уручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды тым, хто многія гады быў адданы сваёй справе і дасягнуў высокіх вынікаў. Адпаведны Указ Прэзідэнта краіны № 462 “Аб узнагароджанні” быў падпісаны 26 лістапада. Прыемна, што ў ганаровым спісе ёсць і наша зямлячка — загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах Валерыя Грахоўская (Молчан). I “раёнка” скарысталася зручнай нагодай, каб не толькі павіншаваць былую асіпаўчанку, але і задаць некалькі пытанняў.

— У Сакратарыяце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу працую амаль два дзясяткі гадоў, — падзялілася Валерыя Валянцінаўна. — За гэты час,  безумоўна, даводзілася перажыць нямала ўрачыстых момантаў, але ўручэнне медаля “За працоўныя заслугі” стала асаблівым пунктам у працоўнай біяграфіі. Узнагароду атрымала з рук старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Было, канечне, і хваляванне, і гонар, і пачуццё задаволенасці, што шматгадовая праца ацэнена. З’явіўся дадатковы стымул для дасягнення новых рубяжоў.

— Валерыя Валянцінаўна, а якім быў Ваш шлях з Асіповіч у сталіцу?

— Кажуць, кожнаму чалавеку наканавана быць там, дзе яго месца. Не магу сказаць, што з дзяцінства марыла жыць у Мінску. Больш таго, пасля асіповіцкай зручнасці і прадказальнасці было дастаткова складана “злавіць” сталічны рытм, прыстасавацца да яго. Пасля заканчэння СШ № 4 спачатку пайшла працаваць на КРЗ, потым паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Жыццё трывала звязала з работай фінансавых органаў. У станаўленні як дзяржаўнага служачага сваю ролю адыгралі праца ў фінаддзеле Асіповіцкага гарвыканкама і падатковай інспекцыі, мае былыя кіраўнікі Таццяна Ягораўна Сівухіна і Любоў Пятроўна Бугар. А затым ужо быў і Мінск — месца службы мужа. Сёння ён палкоўнік запасу, працуе ў міжнароднай арганізацыі. Дарэчы, у 2001 годзе таксама адзначаны дзяржаўнай узнагародай, якую  ўручаў Прэзідэнт краіны.

— Быць дзяржаўным служачым — справа няпростая і адказная. Што аказалася вызначальным пры прафесійным выбары?

— Прыклад бацькоў. Матуля Галіна Васільеўна Молчан не адзін дзясятак гадоў прысвяціла дзяржаўнай службе. Была кіраўніком спраў у выканкамах горада і раёна, загадчыкам ЗАГС, таму гэта дзейнасць, усе яе плюсы і мінусы добра былі вядомы мне яшчэ з дзяцінства. Вырасла не толькі з цікавасцю да такой службы, але і глыбокім перакананнем, што гэта важна, патрэбна людзям. Сямейны інтарэс перадаўся і дзецям: сын Валянцін спрабуе сябе ў банкаўскай сферы, дачка Уладзіслава працуе разам з мужам у мытных органах.

— А ці часта бываеце ў родным горадзе?

— Можна сказаць, што з ім ніколі і не развітвалася. Акрамя таго што заўсёды стараюся наведваць матулю, якая ўжо, на жаль, засталася адна, выдатна памятаю сяброў, школу. Першай настаўніцай была Раіса Дзянісаўна Стаблецкая, класным кіраўніком у старшых класах — Вера Сямёнаўна Варвашэня. З асаблівым задавальненнем, калі    атрымліваецца, сустракаюся са школьнымі сяброўкамі Таццянай Паляковай і Наталляй Маісеенка. Дзяўчаты, я вас вельмі люблю!

— А што найбольш радуе і засмучае ў жыцці нашага райцэнтра?

— Заўважыла, што ў Асіповічах шмат маладых матуль з дзіцячымі каляскамі. Значыць, у горада ёсць будучыня, ён жыве і развіваецца. Прыемна, што з цягам часу становіц-ца больш месцаў, дзе можна культурна і з карысцю адпачыць — толькі “Жамчужына” чаго каштуе. Яшчэ сама комплекс не наведвала, але інфармацыі ўжо сустракала шмат. А засмучае, хутчэй за ўсё, толькі адно: стан дарог. Мабыць, гэта праблема многіх малых гарадоў, разумею, што трэба больш фінансавых сродкаў, але ж неабходна з гэтым штосьці рабіць...

— Калі Вам даводзіцца расказваць іншым людзям пра сваю малую радзіму, чым найперш хочацца падзяліцца?

— Унікальнасцю нашай прыроды — без перабольшвання. Дзе вы яшчэ знойдзеце такое гарманічнае спалучэнне лясоў, лугоў, вялікіх водных артэрый і малых рачулак? Для мяне няма мілей Сіняй, каля якой праходзіла кожнае лета. Не буду гаварыць ужо пра Свіслач, чые краявіды варты палотнаў мастакоў. А нашы па-сапраўднаму шчодрыя на грыбы-ягады лясы! Люблю не толькі цэнтр горада, дзе вырасла, але і “трохвугольнік”: тут на вуліцы Гармашава жылі мае бабуля і дзядуля. Ведаеце, хоць ужо і сама маю ўнучку, кожны раз, калі зварочваю з вялікай трасы на Асіповічы, сэрца пачынае біцца часцей: хутка родны дом!

Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.