На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Асіпаўчане святкуюць Дзень Незалежнасці

6 июля 2016
3 ліпеня ў Асіповічах разам з галоўным святам краіны — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — адзначалася і чарговая гадавіна ўтварэння горада. Аб’яднанне гэтых мерапрыемстваў у адзіны фэст адбываецца другі год запар, так што можна казаць пра ўзнікненне пэўнай традыцыі. Увогуле, такое аб’яднанне мае рацыю: гонар за краіну і любоў да роднага краю — паняцці аднаго роду.

10.00. Праграма святочных мерапрыемстваў пачалася з 20-кіламетровага велакросу, арганізаванага раённай арганізацыяй ГА “БРСМ”. Спартыўны “флэш-моб” праводзіцца ў другі раз і, па меркаванні ўдзельнікаў, якіх сёлета было 14, мае вялікі патэнцыял для пашырэння колькасці прыхільнікаў актыўнага адпачынку.

У гэтым годзе прабег стартаваў ад перакрыжавання вуліц Сумчанкі і 60 гадоў Кастрычніка, ад гарадскога пляжа веласіпедысты рухаліся ўздоўж Асіповіцкага вадасховішча да базы адпачынку “Бярозка,” ад яе выехалі праз прыгарадны лясны масіў да ПУП “Малочны полюс”, дзе і фінішавалі. Маршрут даступны кожнаму, нават не вельмі падрыхтаванаму веласіпедысту. Хто жадае — няхай змагаецца за прызавыя месцы. Астатнім жа гарантуецца зарад бадзёрасці і прыемная вандроўка па прыгожых мясцінах.

11.00. Мітынг на Алеі Герояў ішоў па нязменным сцэнарыі, які добра вядомы кожнаму: ускладанне вянкоў, ружэйны салют, хвіліна маўчання… Ключавы момант урачыстасці — прамовы з ушанаваннем пакаленняў, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны адстаялі права беларусаў на фізічнае існаванне, а потым укладвалі ўсе сілы, каб хутчэй адрадзіць Айчыну, закласці той эканамічны і маральны падмурак, на якім будуецца суверэнная Беларусь, развіваюцца яе рэгіёны, у ліку якіх Асіповіцкі раён займае далёка не апошняе месца.



11.30. Парад ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Упершыню гэты відовішчны “марш” праходзіў па вуліцы Паркавай. Атрымалася ўдала: вуліца доўгая, і гледачы без складанасцей знаходзілі зручныя месцы, прычым — што важна з улікам панаваўшай у першай палове святочнага дня анамальнай спёкі — маглі назіраць за парадам з цені. Дробязь, але менавіта такія “неістотныя” дэталі і ствараюць добры настрой.

У самім парадзе, акрамя баявых адзінак — буксіруемых артылерыйскіх сістэм 51 Гвардзейскай артылерыйскай брыгады, пускавых установак “Смерч” 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгады і ракетных комплексаў “Точка” 465 ракетнай брыгады — удзельнічала спецыяльная тэхніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях і цікавыя ўзоры камунальных машын.

12.00. Зразумела, галоўнае ў кожнай справе — людзі. I таму абавязковы элемент святочнай праграмы — ушанаванне тых, хто ўнёс асабліва важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Асіповіччыны. Лепшым з лепшых старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч уручыў 20 Ганаровых грамат і 4 Падзячныя лісты. Яшчэ два вядомыя землякі ў адпаведнасці з загадам Міністра абароны краіны атрымалі чарговае воінскае званне падпалкоўніка запасу. Так былі адзначаны дасягненні ў патрыятычным выхаванні землякоў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шаўлюгі і кіраўніка клуба ваеннай рэканструкцыі “Штык”, які дзейнічае ў складзе Цэнтра турызму і краязнаўства Андрэя Торбіна.

З цёплымі словамі звярнуліся да прысутных Ганаровы грамадзянін Асіповіцкага раёна, ветэран працы Уладзімір Роўбель, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Асіповіцкай выбарчай акругі Мікалай Калтуноў, адны з мацнейшых беларускіх спартсменаў, алімпійскія чэмпіёны Аляксандр і Андрэй Багдановічы. Усе яны — узор найвышэйшага прафесіяналізму, адданасці выбранай справе і, без сумненняў, вялікай любові да Радзімы, таму словы пачэсных гасцей мелі асаблівую значнасць для землякоў.

13.00. Для ўсіх прысутных асіповіцкія самадзейныя артысты падрыхтавалі дыхтоўны канцэрт “Мая Радзіма — Беларусь”. Паралельна з ім у гарадскім парку ішла разнастайная забаўляльная праграма, якая працягвалася да вечара. Скончыўся ж святочны дзень удзелам асіпаўчан і гасцей нашага горада ў рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам” і прыгожым феерверкам.

"Асіповіцкі край"