На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Асіповічы — Жлобін: маршрут супрацоўніцтва

6 ноября 2014

Днямі на Асіповіччыне прайшоў семінар па абмену вопытам работы дэпутатаў мясцовых Саветаў і кіраўнікоў арганізацый. Наведалі раён госці са Жлобіншчыны. Iніцыятарамі ж мерапрыемства сталі старшыні раённых Саветаў дэпутатаў двух раёнаў, якія лічаць, што ў кожным з іх ёсць нешта сваё, адметнае, што можна ўзяць на заметку, пераняць і ўкараніць у сябе.

У Ялізаве, адкуль пачалося знаёмства з Асіповіцкай зямлёй, гасцей сустрэлі мясцовыя музыкі. Вясёлая песня ды традыцыйныя хлеб-соль прыўзнялі настрой пасля дарогі і настроілі на бадзёры лад. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік расказаў  пра  работу  органаў мясцовага кіравання і самакіравання па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, рашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва. Госці пазнаёміліся з работай Ялізаўскага, Свіслацкага і Вяззеўскага сельсаветаў,
справаводствам, работай з грамадзянамі, нагляднай  агітацыяй,  узаемадзеяннем з іншымі арганізацыямі, задалі пытанні, што ўзніклі ў ходзе гутаркі.

Праграма ўключала наведванне аграпрамысловых і вытворчых прадпрыемстваў. Так, вельмі ўразіла гасцей сумеснае беларуска-аўстрыйскае ЗАТ "Шклозавод Ялізава".  Генеральны  дырэктар Аляксандр Шнэк правёў па тэрыторыі завода, паказаў цэх па вытворчасці слоікаў, пазнаёміў з некаторымі сакрэтамі "шкляной" справы. З цікавасцю назіралі ўдзельнікі  семінара  за момантам ператварэння распаленага  шкла  ў  гатовы выраб, пагутарылі з работнікамі. Зацікавіў музей прадпрыемства, у якім  наведвальнікі змаглі  "пагартаць"  старонкі  гісторыі,  прасачыць змяненне тэхналогій, формы і выгляду выпускаемай прадукцыі.

У склад дэлегацыі ўваходзілі  і  кіраўнікі ўстаноў  аховы  здароўя, таму зацікавіліся і дзіцячым санаторыем "Свіслач", наведалі яго карпусы і медыцынскі блок, разабраліся з паслугамі, што аказваюцца хворым дзецям, прадэгуставалі мясцовую мінеральную ваду.

На малочнатаварнай ферме філіяла "Белшына-агра" наведвальнікі задумаліся аб тым, што аўтаматызацыя хутка дойдзе да кожнага падобнага аб’екта, таму трэба заўчасна прадумваць і планаваць  гэты  працэс. А  на  гідраэлектрастанцыі  пазнаёміліся  з  выпрацоўкай эканамічна выгаднай энергіі. Спадабаліся і краявіды нашай зямлі, неабсяжныя лясы і дагледжаныя вёскі, вусце ракі Свіслач і Асіповіцкае вадасховішча.

Далей адбылася аглядная экскурсія па райцэнтру.  Госці  з  паўднёвага рэгіёна з цікавасцю даведаліся  аб  славутых мясцінах, культавых і прамысловых будынках. Не засталіся ўбаку і ад гісторыі  горада,  аддалі даніну памяці яго героям, усклалі вянок да абеліска на Алеі Герояў.

На дахавым заводзе "ТехноНИКОЛЬ" жыхароў Гомельшчыны зацікавіла  работа  ветэранскага аб’яднання. Наведалі музей прадпрыемства, з прыемнасцю ўзгадалі, што Дзеражант Акопаў,  імя  якога носіць адна з вуліц  Жлобіна, нейкі час жыў у нашым горадзе і ўзначальваў КРЗ. Светлая памяць аб былым кіраўніку ўшаноўваецца на заводзе.

Семінар паказаў сваю плённасць і эфектыўнасць. Жлобінскія госці адзначылі, што ім неабходна  пераняць  асіповіцкі вопыт па прыцягненні айчынных і замежных інвестыцый, многаму можна павучыцца ў старшынь мясцовых Саветаў дэпутатаў. У хуткім часе ўжо нашы кіраўнікі Саветаў і прадпрыемстваў збіраюцца з візітам у адказ.