На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

  Асіповіцкаму ЗЖБК - 40! 

6 января 2015
У апошнія дні адыходзячага года наш завод жалезабетонных канструкцый адсвяткаваў сваё 40-годдзе. У актавай зале чыгуначнага клуба сабраліся тыя, хто звязаў жыццё з адным з лепшых прадпрыемстваў краіны па вытворчасці бетону, жалезабетону, металаканструкцый і сухіх будаўнічых сумесяў.

Першым з днём нараджэння калектыў павіншаваў дырэктар Уладзімір Юкоўскі. З яго вуснаў гучалі цёплыя словы падзякі за самаадданую працу ў адрас як цяперашніх работнікаў, так і ветэранаў:

— Кожны з нас можа ганарыцца, што працаваў або зараз працуе на адным з лепшых прадпрыемстваў не толькі нашага горада, але і рэспублікі. Дзякуючы сумесным намаганням завод рухаецца наперад, развіваюцца і ўдасканальваюцца тэхналагічныя працэсы, асвойваюцца новыя віды канкурэнтаздольнай прадукцыі. Наперадзе — вырашэнне сур’ёзных задач. Патэнцыял для гэтага ёсць. Спадзяюся на вашу працаздольнасць, высокі прафесіяналізм і жаданне верна служыць роднаму прадпрыемству. Усім — моцнага здароўя!

Для віншавання і ўзнагароджвання работнікаў завода на сцэну ўзнімаліся першы намеснік старшыні райвыканкама Васіль Пятроўскі, старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік, генеральны дырэктар ААТ «Дарбудмантажтрэст» Віктар Какора, старшыня райкама прафсаюза работнікаў чыгункі РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі» Мікалай Семяняка. І ўсе выказвалі ў адрас кіраўніцтва завода і працаўнікоў словы павагі і падзякі:

— Асіповічы па праву ганарацца заводам жалезабетонных канструкцый і людзьмі, якія тут працуюць. Гэта — адно са стабільных прадпрыемстваў. За час існавання пройдзены дастойны шлях, набыты багаты вытворчы вопыт і высокі прафесіяналізм. Штогод калектыў прырастае фінансава, а значыць, і дабрабыт людзей узрастае. Няхай жа хапае сіл на новыя здзяйсненні, выпушчаная прадукцыя рэалізоўваецца, а новая з’яўляецца.

Усяго з іх рук узнагароды рознай каштоўнасці атрымалі каля 40 чалавек.

Асобыя словы падзякі прагучалі ў адрас былых кіраўнікоў ЗЖБК, ветэранаў працы. Для кожнага з іх работа тут была значнай вяхой у прафесійнай дзейнасці, іх лёс цесна пераплецены с лёсам роднай арганізацыі. І вельмі добра, што цяперашняе кіраўніцтва не забывае тых, хто калісьці закладваў традыцыі, сваёй працай праслаўляў завод.

Прыйшлі павіншаваць калег і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, з якімі на працягу многіх гадоў паспяхова і плённа супрацоўнічае ЗЖБК. А якое ж свята без песень і танцаў? Іх дарылі віноўнікам урачыстасці самадзейныя артысты Дома культуры Асіповічы Магілёўскага культурна-спартыўнага цэнтра.

Сёння ЗЖБК выпускае больш за тысячу найменняў прадукцыі рознага будаўнічага прызначэння, на складах яна не залежваецца. У апошнія 10 гадоў нязменна атрымлівае дыпломы рэспубліканскага конкурсу «Лепшы будаўнічы прадукт», «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь». Акрамя гэтага, у скарбонцы ўзнагарод медалі і дыпломы «Еўрапейская якасць г. Санкт-Пецярбурга» і інш. Гэтаму ў значнай ступені спрыяе сучасная вытворчая база, высока-прафесійны калектыў і пастаянны пошук новых перспектыў.

Тут выпускаецца практычна ўся наменклатура вырабаў для будаўніцтва прамысловых і грамадзянскіх збудаванняў, транспартнай інфраструктуры і дарожнага будаўніцтва. Адпрацавана 27 саставаў сухіх будаўнічых сумесяў. З 2009 года наладжаны выпуск шпал жалезабетонных з папярэдне напружаным мацаваннем СБ. Праз год на гэтай жа лініі — брусоў для стрэлачных пераводаў чыгуначных дарог, маставых шпал. У чэрвені 2011 года ўведзена ў строй аўтаматызаваная лінія па вытворчасці элементаў добраўпарадкавання — пліткі тратуарнай, камянёў бартавых для дарог і тратуараў, латкоў. Летась пачаўся выпуск шпал для чыгуначных каляін 1435 мм, сёлета ў лістападзе ўстаноўлена на існуючых вытворчых плошчах у фармовачным цэху зборных бетонных вырабаў італьянская лінія па вытворчасці жалезабетонных шпал для чыгуначных каляін 1520 мм магутнасцю 400 тысяч штук у год.

Асноўны спажывец прадукцыі АЗЖБК — Беларуская чыгунка, астатняя выкарыстоўваецца ў іншых галінах.

Сучасная вытворчая база і высокакваліфікаваныя кадры дапамагаюць забяспечваць дынамічнае развіццё і стабільную паспяховую работу. Калектыў налічвае больш за 450 чалавек. На працягу некалькіх апошніх гадоў яго ўзначальвае Уладзімір Юкоўскі, які прыйшоў сюды роўна 30 гадоў назад — адразу пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі. Да яго дырэктарамі рабілі Алег Даніленка, Алег Самасуеў, Уладзімір Лявонцьеў, Анатолій Астраўко і Віктар Какора.