На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Дараганаўскія падарункі

10 февраля 2015

6 лютага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася доўгачаканая падзея: урачыстае адкрыццё экспазіцыі з прадметаў, перададзеных нашчадкамі знакамітага роду Дараганаў.
На цырымоніі прысутнічалі Андрэй Дараган і яго жонка Лана, пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, мноства неабыякавых да гісторыі краю землякоў.
Нашчадкі роду, нямала зрабіўшага для развіцця Асіповіччыны, сёння жывуць у Швецыі і ўжо даволі даўно падтрымліваюць сувязь з нашым краем.  А  калектыў раённага музея,  які  ўзначальвае Антаніна Сцяпанава, ажыццявіў даўнюю мару Андрэя, стварыўшы музей сям’і Дараганаў  на  гістарычнай радзіме.
Праўнук Осіпа  Дарагана  перадаў  музею больш  за  300 прадметаў — іх хапіла на афармленне 5 залаў, якія знаходзяцца ў будынку МПЦ “Равеснік”. Па словах  аднаго  з найбольш кампетэнтных спецыялістаў-музейшчыкаў вобласці — дырэктара Магілёўскага  бібліятэчнага  каледжа Святланы Казловай, каштоўнасць гэтых прадметаў не толькі ў іх старадаўнасці, добрым захаванні, але і ў тым, што яны належалі адной сям’і, дазваляюць на яе прыкладзе прасачыць за падзеямі, якія адбываліся на працягу жыцця некалькіх пакаленняў. Як суцэльны гістарычны артэфакт гэтая сукупнасць культурных каштоўнасцей увогуле бясцэнная, таму Дараганаўская экспазіцыя можа лічыцца адной з найбольш цікавых музейных калекцый Магілёўшчыны. Апісваць выставу, у якой праз дзіўныя, прыгожыя, звычайныя і незвычайныя рэчы, фотаздымкі, малюнкі перададзены лёс сям’і на фоне самага складанага і неадназначнага перыяду ХХ стагоддзя — справа няўдзячная. Усё гэта проста трэба ўбачыць — уражанне абавязкова будзе моцным.
Падчас адкрыцця экспазіцыі  было  цікава  назіраць  за  выразам  твару героя дня — Андрэя Дарагана. Тое, як выкарысталі носьбіты яго фамільнай памяці, ён не ведаў, да таго ж, дрэнна валодаючы рускай і беларускай мовамі, у пэўным сэнсе ўвесь час заставаўся самнасам з уласнымі пачуццямі. Спачатку гэта было здзіўленне, потым — лёгкая разгубленасць, далей — усё больш глыбокая задуменнасць. I раптам у яго вачах заблішчэлі слёзы... Андрэй Дараган не хаваў прычыны расчуленасці, сказаў пра яе проста і шчыра: “Я вярнуўся дадому. Гэта неверагоднае пачуццё!”
Пасля прэзентацыі Андрэй і Лана аднадушна прызналіся, што вельмі ўражаны майстэрствам і далікатнасцю,  з якімі  супрацоўнікі  асіповіцкага музея абышліся з перададзенымі рэчамі, і выказалі намер павялічыць фонды ўстановы за кошт гістарычных прадметаў, захоўваемых у іх прыватным музеі.
А яшчэ Дараганы збіраюцца знайсці неабыякавага  да  асіповіцкай гісторыі мецэната, які б пажадаў дапамагчы  ў  набыцці рэліквій, воляю лёсу патрапіўшых у  чужыя  рукі,  а зараз нярэдка выстаўляемых на міжнародных аўкцыёнах і маючых вялікую цану. Сярод такіх каштоўнасцей — узнагароды Дзмітрыя Дарагана, баявога афіцэра Iмператарскага флоту, удзельніка  Руска-японскай і Першай сусветнай войнаў.

Адкрыцце экспазіцыі