На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

"Дажынкі" ў Вяззі

9 сентября 2014

Сёлета надвор’е да аграрыяў асабліва спагадлівае:дазволіла не толькі ў аптымальныя тэрміны правесці само жніво, але і адзначыць “Дажынкі” ў прыемны па ўсіх параметрах дзень.

Яшчэ на ўездзе ў гэты адзін з лепшых аграгарадкоў Асіповіччыны саламяныя баба з дзедам папярэджвалі, што тут праходзіць свята працаўнікоў вёскі. Эпіцэнтрам жа саміх “Дажынак” стала тэрыторыя Вязскага Дома культуры. Ужо з 11 гадзін раніцы тут працавалі падворкі клубаў раёна і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Асіповіцкага прафесійнатэхнічнага каледжа,камбіната бытавога абслугоўвання. Выставы работ, створаных рукамі асіповіцкіх умельцаў, бяспройгрышныя латарэі, сувеніры на любы густ чакалі наведвальнікаў. Удосталь было розных пачастункаў — і каўбас, і выпечкі. Духмяную ўху прапаноўвала ААТ “Рыбгас “Свіслач”, можна было паспрабаваць і набыць прадукцыю мясцовых перапрацоўшчыкаў: нямала людзей сабрала дэгустацыя малочнай прадукцыі філіяла “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, прыцягвалі погляд шыкоўныя караваі нашага хлебазавода, пазнаёміцца з прадукцыяй Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” запрашаў саламяны бабёр і драўляны млын. Вядома, далучыліся да свята і гандлёвыя арганізацыі раёна.

Сама ўрачыстасць складалася з некалькіх этапаў. Вялікую цікавасць выклікаў парад сельскагаспадарчай тэхнікі. Першым ехаў “авангардаўскі” зернеўборачны камбайн “Джон-Дзір”, якім кіраваў яго нязменны гаспадар Алег Малевіч. Увішны механізатар адпрацаваў на камбайне ўжо чатырнаццатае жніво, заўсёды ўваходзячы ў лік лідараў раёна. Уразіў сваёй магутнасцю трактар “Беларус-3522” з 12-корпусным плугам, такіх “жалезных волатаў” у 350 конскіх сіл, якім падуладна любое поле, у раёне пакуль тры адзінкі. Другі сезон на асіповіцкіх сенажацях працаваў прэспадборшчык-абмотчык рулонаў “Тарнада”, які дазваляе нарыхтоўваць кармы па новай тэхналогіі ў поліэтыленавую плёнку. Замыкаў паказ буракаўборачны камбайн “Холмер” — лічы, гэты агрэгат самастойна спраўляецца з паловай бураковых палёў раёна. Наогул, што тычыцца тэхнічнага аснашчэння сельгаспрадпрыемстваў Асіповіччыны, то яно на высокім узроўні.

За тэхнікай адразу рушылі дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў і калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Гледачы шчыра віталі сваіх землякоў — удзельнікаў ганаровага шэсця. Ушанаванне  герояў жніва-2014 праходзіла ў глядзельнай зале СДК. Першымі на сцэну запрашаліся старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч і яго намеснік, начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Міхалёў, які і адрапартаваў кіраўніку раёна, што ўбрана 9620 гектараў палёў, намалочана 36 264 тоны збожжа і зернебабовых. Пётр Яфімавіч, выказаўшы шчырую падзяку ўсім удзельнікам жніва, падкрэсліў, што ўраджай больш чым у 37 цэнтнераў з гектара на Асіповіччыне атрыманы ўпершыню за апошнія гады. Значыць, у сельскай гаспадарцы ёсць патэнцыял, і з цягам часу ён раскрываецца. Дэталёва кіраўнік раёна спыніўся на дасягненнях  сельгаспрадпрыемстваў. Лідарам па намалоце стаў філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — тут сабрана 8164 тоны хлебнага багацця: 50 цэнтнераў на круг, 136 кілаграмаў на балагектар. Па 3,5 тысячы тон атрымалі сёлета калгасы “Чырвоны ўдарнік” і “Карытнае”. Дарэчы, апошні СВК асабліва ёсць за што пахваліць: гэты сезон у параўнанні з ранейшымі перыядамі аказаўся па-сапраўднаму плённым.Добрых вынікаў дасягнулі і лапіцкія хлебаробы. Адметна, што сёлета было 12 вадзіцеляў, якія перавезлі больш за тысячу тон збожжа ад камбайнаў — у два разы больш, чым летась.

Пётр Яфімавіч выказаў спадзяванне, што, узяўшы высокі старт, раён яшчэ больш памножыць вынікі ў наступным годзе, тым самым заваяваўшы права правядзення на сваёй тэрыторыі абласнога свята.

Дарэчы, з гэтага года беларускія “Дажынкі” змяняюць свой фармат. Раённыя фэсты праходзяць на базе аграгарадкоў, абласныя — у раённых цэнтрах. Рэспубліканскае ўшанаванне лепшых працаўнікоў сяла з уручэннем узнагарод ад Прэзідэнта будзе праходзіць у асабліва ўрачыстай абстаноўцы па выніках аграрнага года ў Мінску. У новым фармаце фестываль-кірмаш стаў персанальным ушанаваннем працаўнікоў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у збор ураджаю збожжа і зернебабовых культур.

Ад аблсельгасхарчу асіповіцкіх аграрыяў вітаў намеснік генеральнага дырэктара закрытага акцыянернага таварыства “Насенне траў” Віталій Іванюшаў. Ён падзякаваў хлебаробам за значны ўклад у абласны каравай і ўручыў Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама галоўнаму аграному СВК “Калгас “Бярэзіна” Галіне Шахно, старшаму камбайнеру з “Авангарда” Алегу Малевічу, галоўнаму інжынеру калгаса імя Чарняхоўскага Андрэю Крушнаму.

Шэраг працаўнікоў атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, Падзячныя
лісты і грашовыя прэміі, а ўручыў гэтыя заслужаныя ўзнагароды Пётр Шукаловіч.

Да ўшанавання хлебаробаў далучыліся і раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру” — падарункі атрымалі галоўныя аграномы  калгасаў  “Лапічы”  і “Ясень” Кацярына Максімюк і Сяргей Новікаў адпаведна, трактарыст СВК “Калгас “Каўгарскі” Мікалай Пухоўскі і вадзіцель ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” Леанід Ткачоў.

Пад час свята выступалі як нашы калектывы мастацкай самадзейнасці, так і госці з Гомельскай вобласці: народны ансамбль танца “Весніца” Акцябрскага цэнтра вольнага часу.

Цікавым  аказаўся і працяг гэтага дня. Яшчэ некалькіх гадзін ішоў канцэрт на эстрадзе на вуліцы. Спіс выступаючых уключаў каля двух дзясяткаў калектываў, двухсот удзельнікаў, у тым ліку і са школ мастацтваў. Незабыўным момантам  стаў  вясельны абрад, які на  сцэне правёў народны ансамбль “Вязанка” Вязскага СДК. Сімвалічна,  што маладыя — Сяргей Кучаравы і Дзіяна Строк  — работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Стварэнне новай сям’і  ў шчодры дзень “Дажынак” — добрая прымета!

Надоўга прыцягнула ўвагу і шоу на вадзе, якое паказалі  спартсмены Мінскага аквабайкерклуба “Пірання”. Такое відовішча раней асіпаўчане маглі бачыць хіба што ў інтэрнэтроліках. Між іншым, усе выкарыстаныя ў воднай прэзентацыі ўстройствы — распрацоўкі беларускіх аквабайкераў.

Асаблівая ўвага на свяце надзялялася дзіцячаму адпачынку:  працавалі гульнёвыя і забаўляльныя пляцоўкі, члены маладзёжнай суполкі БРСМ наладзілі рынг для жартоўнай барацьбы з мяхамі, была магчымасць паўдзельнічаць у розных конкурсах і паглядзець цікавы спектакль, падрыхтаваны юнымі артыстамі Цэнтра торчасці дзяцей і моладзі. Навучэнкі групы парыкмахераў з каледжа з задавальненнем запляталі юных модніц, давалі майстар-класы. Вельмі правільна зрабіў Дараганаўскі вучэбна-педагагіны комплекс, наведаўшы свята ў поўным складзе: вучняў з усіх класаў прывезлі на школьным транспарце. Чым не аптымальная арганізацыя шостага дня тыдня? У цэлым жа народнае гулянне ў чарговы раз пацвердзіла, што агульныя намаганні заўсёды выліваюцца ў паспяховую справу — хоць на жытнёвым полі, хоць на канцэртнай пляцоўцы.