На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Дзень работнікаў культуры

12 октября 2012

Ірына Раманчук: “Мы — вялікая яркая сям’я!”
Яны кожны дзень навідавоку: стваральнікі свята, выдатнага настрою, яны дораць прыгажосць і эстэтычную асалоду. Без іх працы жыццё было б даволі сумным і нецікавым. Работнікаў культуры можна сустрэць у розных сферах жыццядзейнасці: яны спяваюць для нас, праводзяць экскурсіі, раскрываюць таленты, выдаюць кнігі, зберагаюць нацыянальныя традыцыі, вучаць тонка адчуваць сусвет і ствараць вакол сябе атмасферу творчасці. Напярэдадні прафесійнага свята госця рубрыкі “10 пытанняў” — загадчык аддзела культуры райвыканкама Ірына Раманчук.
1 — Крыху статыстыкі: што ўяўляе сабой аддзел, які Вы ўзначальваеце?
— Гэта складаны арганізм, які пастаянна развіваецца. Сёння культурныя патрэбы асіпаўчан задавальняюць 34 бібліятэкі, 10 дзіцячых школ мастацтваў і 11 іх філіялаў, 28 сельскіх устаноў клубнага тыпу, раённыя цэнтры культуры, народных рамёстваў і маладзёжна-падлеткавы цэнтр “Равеснік”, гісторыка-краязнаўчы музей, кінавідэапрадпрыемства.
2 — Як выглядае абагульнены партрэт сучаснага  работніка культуры?
— Кожны з іх неардынарная, творчая і своеасаблівая асоба, энтузіяст, хварэючы за сваю справу. Ну а разам  мы — вялікая яркая сям’я. Пераважна 90 % нашых працаўнікоў — жанчыны.
3 — У раёне ладзяцца разнастайныя фестывалі і святы. Ці ёсць перспектывы іх  развіцця да абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў?
— Наш самы ўдалы праект — абласны  фестываль  “Вясновыя колеры”. У мінулым годзе быў наладжаны “Свіслацкі кірмаш”, які быў пазітыўна ўспрыняты жыхарамі акаляючых вёсак і гасцей з прылягаючых раёнаў. Ён з цягам часу таксама можа выйсці за  рэгіянальныя межы.
4 — А як наконт укладу нашых калектываў у папаўненне нацыянальнай культурнай прасторы?
— Мы імкнёмся ездзіць на ўсе буйныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў краіне. Апошняя паездка —  на Рэспубліканскае свята “Дажынкі”, што сёлета прайшло ў Горках. Асіповіччыну прадстаўлялі лепшыя калектывы, прычым узорны харэагра-фічны ансамбль “Крынічка” выступаў на цэнтральнай пляцоўцы на цырымоніі адкрыцця свята.
5 — Ці захоўваецца ў раёне аўтэнтычны фальклор?
— Канешне. Адно з месцаў, дзе гэта атрымліваецца рабіць вельмі ўдала  — вёска Каўгары. Тутэйшая этна-графічная спадчына багата танцамі, абрадамі, песеннай лірыкай. Іх ашчадна захоўвае народны ансамбль народнай музыкі “Вяселле”. Таксама трэба ўзгадаць  Ялізава і ўдзельніц народнага гурта “Вечарынка”,  вяззеўскіх спявачак з ансамбля народнай песні “Вязанка”.
6 — Ці праяўляецца ініцыятыва ў галіне культуры “знізу” —  ад  жыхароў горада і раёна?
— У аддзел культуры  звяртаецца нямала людзей, якія жадаюць аб’яднацца для творчай дзейнасці. І мы па магчымасці дапамагаем і падтрымліваем іх: выдзяляем памяшканне, прадстаўляем патрэбную матэрыяльна-тэхнічную базу. Такім чынам, напрыклад,  узнік клуб “Эдэльвейс”, дзе збіраюцца людзі сталага ўзросту, каб бавіць вольны час цікава і карысна. Не пакідаем без увагі і моладзь. Калі юнакі і дзяўчаты жадаюць стварыць новую групу, не адмаўляем, а наадварот, заахвочваем. Лепшыя нумары самадзейных артыстаў заўсёды ўключаюцца ў канцэртныя праграмы раённых святаў. А гэта значыць іх творчасць папулярызуецца і прываблівае новыя таленты.
7 — Чым зараз жыве  гісторыка-краязнаўчы музей?
— Пакуль яго асноўны накірунак работы — правядзенне выстаў мастацкіх работ. Прычым музей знаёміць землякоў не толькі з цікавымі прывазнымі экспазіцыямі, але і з творчасцю найбольш яркіх асіповіцкіх талентаў. Дарэчы, у хуткім часе адкрыецца выстава  яшчэ адной зямлячкі  —  Кацярыны Хмары.
8 — Які лёс чакае “Восіпа на печцы”  — праекта скульптуры, якую планавалася ўсталяваць у гарадскім парку?
— Праект манументальна-дэкаратыўнай скульптуры не знайшоў падтрымкі ў Міністэрстве культуры, якое палічыла яго ажыццяўленне немэтазгодным з-за высокага кошту ды неадпаведнасці мастацкай задумкі і гісторыі раёна.
9 — Ці надаецца ўвага адраджэнню і развіццю народных промыслаў?
— Такая задача стаіць перад цэнтрам народных рамёстваў. Найбольшыя поспехі дасягнуты ў адраджэнні ткацтва. Майстры цэнтра пабывалі ў іншых раёнах, перанялі вопыт, вывучылі мясцовую спецыфіку старажытных вырабаў, узнавілі ткацкія станкі. Быў адкрыты адпаведны гурток, куды з цікавасцю прыходзяць займацца дзеці. Акрамя гэтага, праводзяцца разнастайныя майстар-класы, семінары і практыкумы, дзе ўзноўленыя  прыёмы традыцыйнага майстэрства перадаюцца ўсім жадаючым. Таксама добра развіваюцца кераміка, лазапляценне, вышыўка і многае іншае.
10 — Якое самае арыгінальнае віншаванне Вам давялося чуць падчас святкавання Дня работнікаў культуры?
— У мінулым годзе мы прыдумалі паднімаць у зале з месцаў прадстаўнікоў кожнай установы аддзела і казаць ім словы ўдзячнасці за канкрэтныя дасягненні. Такая форма віншавання спадабалася ўсім. Наш калектыў вялікі і вельмі важна заўважаць працу ды творчыя поспехі ўсіх яго падраздзяленняў. Граматы і прэміі — гэта добра, але ж работнікам культуры, як нікому іншаму,  патрэбны ўвага і разуменне.
Ну а што прыдумалі сёлета, каб адзначыць наша прафесійнае свята, пакуль казаць рана. Няхай гэта стане сюрпрызам…