На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Дзецям — ЧЫСТУЮ ВАДУ

10 декабря 2012

Пакуль усе чакаюць узвядзення ў нас станцыі абезжалезвання, выхаванцы спецшколы-інтэрната ўжо атрымалі магчымасць піць чыстую ваду.
Не верыце? Тады аб усім па парадку.
Калі кіраўніцтва дадзенай установы адукацыі звярнулася з просьбай аб дапамозе ў Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне "Сафія", дзейнасць якога спансіруецца Гуманітарнай службай Царквы Iісуса Хрыста Святых апошніх дзён, яго прадстаўнікі з жывасцю адгукнуліся. Была закуплена і ўстаноўлена сістэма фільтраў для ачысткі вады і паточны абагравальнік, а таксама міні-станцыя абезжалезвання, на агульную суму каля 60 мільёнаў рублёў.
Цяпер дзеці харчуюцца ежай, якая прыгатавана на ачышчанай вадзе, а купаюцца ў празрыстым басейне. У гэтым змаглі пераканацца выканаўчы дырэктар МДГА "Сафія" Сяргей Зубовіч і валанцёры праграмы Гэры і Кэйлін Джон, якія днямі наведалі спецшколу-інтэрнат. Госці з Амерыкі адзначылі, што толькі ў гэтым годзе яны прынялі ўдзел у рэалізацыі сямі праектаў на тэрыторыі нашай вобласці. Акрамя Асіповіцкай спецшколы, дапамаглі ўстановам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамам-інтэрнатам у іншых раённых цэнтрах, летам 300 хворых жыхароў Магілёўшчыны забяспечылі інваліднымі каляскамі, а нядаўна даставілі кантэйнер з адзеннем і абуткам для размеркавання на тэрыторыі вобласці. Ёсць у іх праекты і па рэаніміраванні нованароджаных, імунізацыі насельніцтва, "Чыстая вада", прыходзяць гэтыя людзі на дапамогу тым, хто пацярпеў ад стыхійных бедстваў і іншых катаклізмаў. А да Беларусі, наогул, у іх самыя лепшыя адносіны.
— Штат Айдаха, у якім мы пражываем, вельмі падобны на Магілёўшчыну, — зазначыў Гэры Джон, — нават такія ж культуры вырошчваюцца — бульба, зерневыя, кукуруза, цукровыя буракі. Толькі вось колькасць ападкаў у Беларусі значна большая, у нас — горача і суха.
Ваш горад наведалі другі раз, нам тут спадабалася. Мы — пенсіянеры, ахвяруем свой час і сродкі на тое, каб дапамагаць іншым людзям.
МДГА "Сафія" дапамагае малазабяспечаным і тым, хто жыве ў нястачы. Нездарма дэвіз грамадскага аб’яднання: "Аказваць дапамогу людзям, каб яны ў будучым змаглі дапамагчы самі сабе". Вялікая роля членамі аб’яднання надаецца ўмацаванню сям’і, асэнсаванню яе ролі ў грамадстве. I, безумоўна, без увагі не застаюцца дзеці. Кэйлін Джон расказала, што мае сямёра ўласных дзяцей, ёсць унукі, таму не можа быць раўнадушнай да праблем юных жыхароў усіх краін і мацерыкоў.
Наведаўшы басейн спецшколы, госці пераканаліся, што іх намаганні былі недарэмнымі. Дзеці з ахвотай плёскаліся ў вадзе і рабілі розныя практыкаванні, большыя плавалі, забыўшыся на час занятку пра свае хваробы. Як дзяліліся самі юныя плыўцы, іх вельмі парадавала тое, што вада ў басейне стала празрыстай, падобнай на марскую. Ходзяць сюды з радасцю, атрымоўваюць масу станоўчых уражанняў, а лечыць, як вядома, і добры настрой.
Замежныя госці высока ацанілі дзейнасць медыка-педагагічнага калектыву, адзначылі, што яго ролю ў жыцці хворых дзяцей нельга пераацаніць, і падарылі відэафільм на педагагічную тэматыку.
Няўлоўнай нітачкай сувязі паміж прадстаўнікамі МДГА "Сафія" і тымі людзьмі, дзеля якіх яны працуюць, стала фігурка "Паркер", якую вырабляюць дзеці ў штаце Айдаха. Такую сімвалічную цацку, зробленую ўнукам Гэры, дзядуля возіць з сабою ўсюды — паказвае ёй розныя краіны і фатаграфуе з дзецьмі, каб затым прывезці амерыканскаму хлопчыку прывітанне ад аднагодкаў з розных кропак зямнога шара. Папяровая фігурка, кранальна выкананая дзіцячай рукой, нясе добрую энергетыку і пажаданне шчасця і здароўя людзям планеты. Здымкі выхаванцаў нашай спецшколы таксама адправяцца за акіян: дабрыня і дабрачыннасць не маюць моўных і геаграфічных межаў.