На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Экафорум у Бабруйску

5 сентября 2013

Фінал ХI Рэспубліканскага экалагічнага форуму — самага маштабнага фэсту ў календары айчынных абаронцаў прыроды — прайшоў 23-25 жніўня ў Бабруйску. Сёлетні экафорум прысвечаны Году экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя, які быў аб’яўлены ў 2013 годзе ў СНД. Удзельнікамі свята сталі каля 500 прафесійных эколагаў і найбольш актыўных прадстаўнікоў грамадскасці, неабыякавых да стану навакольнага асяроддзя. 

Колькасць жа гасцей, якіх зацікавіла магчымасць прыняць удзел у мерапрыемстве, была значна большай: фінал экафоруму — гэта дэманстрацыя самых значных дасягненняў у галіне аховы прыроды, прычым праведзеная эфектна і відовішчна. Асіповіччына: экалагічныя рэаліі. Пэўны “кавалак” работы па правядзенні мерапрыемства дастаўся і нашаму раёну. Што ўвогуле і не дзіўна: Асіповіччына можа падзяліцца багатым вопытам у шэрагу важных накірункаў прыродаахоўнай дзейнасці. Напрыклад, экалагізацыі вытворчасці, развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі, абарачэнні другасных рэсурсаў.

Удалым прыкладам буйнога прамысловага аб’екта, які мірна суіснуе з навакольным асяроддзем, можна лічыць ЗПВУП “Парфумерна-касметычная фабрыка Сонца”. Вытворчасць тут вядзецца па самых сучасных тэхналогіях і ў поўнай адпаведнасці з жорсткімі экалагічнымі стандартамі. Ключавое звяно ў сістэме кантролю за ўплывам на навакольнае асяроддзе — спосаб утылізацыі прамысловых сцёкаў, ці, правільней казаць, тэхналагічных змываў, якіх тут утвараецца дастаткова многа — каля 10 кубаметраў на 1 тону гатовай прадукцыі. Амаль усе сцёкі ўтвараюцца пры прамыўцы абсталявання пры пераходзе на новы від прадукцыі, таму ўяўляюць сабой раствор кампанентаў, якія ўвахо-дзяць у склад мыючых сродкаў. Гэтыя кампаненты выдзяляюцца і ўжываюцца паўторна, дзякуючы адной тэхналагічнай хітрасці. Справа ў тым, што пральны парашок першапачаткова складаецца з вадкіх кампанентаў — гэта неабходна для раўнамернага перамешвання і праходжання пэўных хімічных рэакцый. А ў звыклую — сухую — субстанцыю ён пераўтвараецца толькі на апошнім этапе вытворчасці: падчас сушкі.

Сушка вядзецца пры высокай тэмпературы — каля 400°С у спецыяльнай вежы, вышынёй у некалькі дзясяткаў метраў.

Зверху ў яе пад высокім ціскам падаецца вадкі паўфабрыкат, знізу — гарачае паветра і тэхналагічныя змывы. Вадзяны пар з сушылкі праходзіць праз фільтры і выкідваецца ў атмасферу, а выпараныя са сцёкаў карысныя кампаненты трапляюць у гатовы сінтэтычны мыючы сродак. Якасць гатовай прадукцыі ад такога дамешвання толькі павышаецца: у ёй павялічваецца канцэнтрацыя актыўных энзімаў. Сабекошт жа пральных парашкоў атрымліваецца меншым — з-за скарачэння памераў экалагічных падаткаў. Асіповіцкая ГЭС да нядаўняга часу мела пачэсны статус самага буйнога прадстаўніка айчыннай гідра-энергетыкі. Пасля ўводу ў эксплуатацыю Нёманскай ГЭС яна змясцілася на другую пазіцыю, а калі будзе пабудаваны каскад з чатырох электрастанцый на Заходняй Дзвіне — пуск першай — Полацкай ГЭС за-планаваны на 2016 год — увогуле выйдзе з ліку лідараў. Нельга сказаць, што наша краіна багатая на гідрарэсурсы, аднак пакідаць без увагі яго радовішчы ніяк нельга. Тая ж Асіповіцкая ГЭС, размешчаная на далёка не самай магутнай рацэ (1 кілават-гадзіна энергіі ўтрымліваецца ў 73 кубаметрах свіслацкай вады), за шэсць дзесяцігоддзяў існавання выпрацавала 540 мільёнаў кілават-гадзін электраэнергіі!

Зразумела, “здабыча” энергіі з рачной вады, як і асваенне радовішчаў усіх іншых энергарэсурсаў, хіба за выключэннем ветру, не абыходзіцца без адчувальнага ўплыву на навакольнае асяроддзе. Галоўныя адмоўныя аспекты гідраэнергетычнага ўплыву — непазбежнае падтапленне даволі значных тэрыторый пры ўтварэнні вадасховішчаў і павышэнне верагоднасці замору рыбы з-за змяншэння канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе — добра вядомыя.

Але ж не ўсё так адназначна. Дзякуючы Асіповіцкай ГЭС узнікла вадасховішча, якое лічыцца адным з асноўных рэкрэацыйных аб’ектаў раёна. Рыбныя запасы штучнага вадаёма дазваляюць весці не толькі практычна неабмежаваную аматарскую, але і прамысловую лоўлю рыбы. Да таго ж, яно забяспечвае вадой рыбгас “Свіслач”, а скідваемая з плаціны гідрастанцыі вада насычаецца кіслародам, таму на рацэ ніжэй па цячэнні верагоднасць тых жа зімніх замораў значна зніжаецца. I яшчэ — перакрыўшая рэчышча дамба ўяўляе сабой эфектыўны фільтр, які затрымлівае самае рознае смецце. Летам аб’ём прынесеных цячэннем да ГЭС пластыкавых бутэлек, слоікаў, іншых непатапляльных рэшткаў дзейнасці аматараў адпачыць каля вады ў тыдзень можа складаць некалькі стандартных кантэйнераў для збору ЦБА.

СЗАТ “Шклозавод Ялізава” па вызначэнні арыентаваны на перапрацоўку адыходаў шкла. Чым вышэй доля другаснай сыравіны — шклабою — у шыхце, тым хутчэй варыцца шкло і тым вышэй яго якасць. Доля шклабою ў новых вырабах з гэтага матэрыялу ў ідэальным выпадку павінна складаць 80 працэнтаў.

I вось тут узнікае праблема. Патрэбу ў шклабоі сёння немагчыма задаволіць за кошт утвараемых на тэрыторыі Беларусі адыходаў. Прадпрыемства набывае шклабой ва ўсіх нарыхтоўчых і вытворчых арганізацыях краіны, аднак з-за недасканаласці айчыннай сістэмы збору вымушана набываць шклабой і за мяжой.

У 2012 годзе Ялізава перапрацавала 22.488 тон другаснага шкла, і толькі 8.807 тон (39 працэнтаў) з іх былі айчыннымі. За першую палову гэтага года доля айчыннага шклабою склала прыблізна 45 працэнтаў, аднак толькі дзве трэці атрыманай сыравіны цалкам адпавядалі жорсткім тэхнічным умовам: поўная адсутнасць металічных уключэнняў, керамікі, друзу, пяску, арганічных дамешкаў, пластмасы, вугалю, каляровага, загартаванага, люстранога шкла. Такім чынам, спатрэбілася да-ачыстка 2,7 тысячы тон айчыннага шклабою. А вось імпартуемая з Расіі і Еўрасаюза другасная сыравіна пастаўляецца ачышчанай і цалкам падрыхтаванай для перапрацоўкі. Прычым — на больш выгадных для прадпрыемства ўмовах.

Зразумела, недасканаласць збору і ўтылізацыі шкла з’яўляецца толькі часткай куды больш агульнай праблемы: эфектыўнасці абарачэння другасных рэсурсаў у цэлым. Будзем спадзявацца, што пошукі шляхоў стварэння насамрэч дзейснай сістэмы раздзельнага збору адыходаў (без яе аб эфектыўнасці абарачэння другасных рэсурсаў можна толькі марыць!) пяройдуць у разрад найбольш прыярытэтных накірункаў прыродаахоўнай дзейнасці.

 Галоўная інтрыга кожнага экафоруму — вызначэнне пераможцаў у разнастайных конкурсах прыродаахоўнага накірунку. На абласным этапе спаборніцтваў нядрэнна выступілі землякі — удзельнікі народнага фотаклуба “Раніца”. У фотаконкурсе “Гэта — твая зямля” сярод аматараў першае і другое месца ў намінацыі “Прыгажосць роднай прыроды” занялі адпаведна Юрый Абмоін і Яўген Чыжык, а лепшымі сярод прафесіяналаў сталі Алена Ярашэвіч (другое) і Дзмітрый Саўрыцкі (першае месца). Апошні таксама атрымаў тытул лепшага журналіста-эколага Магілёўшчыны, заняўшы першае месца ў конкурсе друкаваных работ прыродаахаўнага накірунку.