На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Героі свята — ВЕТЭРАНЫ

4 марта 2012

Цёплая атмасфера панавала 24 лютага ў глядзельнай зале раённага Цэнтра культуры — усюды добрыя, асветленыя ўсмешкамі твары, кветкі. I — шматлікія медалі і ордэны на лацканах форменных мундзіраў ды строгіх пінжаках… Гэта святкавала свой юбілей раённая ветэранская арганізацыя, якую з 25-годдзем прыйшлі павіншаваць многія з самых розных калектываў.
Яшчэ задоўга да пачатку ўрачыстага сходу сюды пачалі збірацца людзі сталага веку, каб сустрэцца з сябрамі, былымі супрацоўнікамі і паплечнікамі, проста знаёмымі. Збіраліся невялічкімі гуртамі, ажыўлена размаўлялі, узгадваючы гады маладосці. Разглядалі экспанаты выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аформленыя ветэранскімі суполкамі, з цікавасцю знаёміліся з калекцыямі атрыбутаў ваенных падзей, што прадставілі Андрэй Торбін, Юрый Абмоін, Валерый Чупахін, Міхаіл Маслоўскі і другія мясцовыя краязнаўцы і калекцыянеры-фалерысты.


Свята распачалося з выступлення раённага хору ветэранаў. Гучалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, Чырвонага Крыжа, Фонду міру, райкамаў прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, агра-прамысловага комплексу і іншых. Не аднаму з дзеячаў ветэранскага руху старшыні раённых выканаўчага камітэта, Савета дэпутатаў і аб’яднання ветэранаў Пётр Шукаловіч, Аляксандр Пузік і Міхаіл Слесарэнка ўручылі Ганаровыя граматы і іншыя заслужаныя ўзнагароды.
Кіраўнік райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Корбан узгадаў тых, хто з гонарам выконваў інтэрнацыянальны абавязак у “гарачых кропках”, не шкадаваў дзеля свабоды людзей жыцця. Героям вайны ён прысвяціў песні ўласнага сачынення, а Анатоль Тамашэўскі і Яўген Врублеўскі, якія актыўна супрацоўнічаюць з “афганцамі”, атрымалі медалі грамадскага аб’яднання “За заслугі” II ступені.
Тыя, хто падымаўся на сцэну, успаміналі пра слаўныя справы цяперашніх ветэранаў, дзякавалі ім за самаадданую працу, мужнасць і сумленне, пранесеныя праз жыццё. Краналі за душу музычныя нумары, падрыхтаваныя дзецьмі і калектывамі мастацкай самадзейнасці “Сяброўкі” Клуба чыгуначнікаў і цэнтральнай райбальніцы. I калі на малодшае пакаленне бабулі і дзядулі паглядалі з замілаваннем і пяшчотай, то сваіх равеснікаў слухалі з непрыхаванай радасцю і светлай журботай. А многія і падпявалі, бо словы песень маладосці ў сукупнасці з тымі падзеямі, на фоне якіх яны выконваліся, назаўсёды захаваліся ў душы. Дружнымі апладысментамі праводзілі, напрыклад, слухачы ветэранаў-медыкаў, якія выканалі вясёлую, заліхвацкую песню “Пайшла на спатканне бабуля”.
...У той дзень удзельнікі ўрачыстасці яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі між сабой, абмяркоўвалі планы будучай работы з членамі раённага савета ветэранаў, фатаграфаваліся на памяць. I ўжо потым няспешна разыходзіліся, каб з задавальненнем успамінаць аб свяце, героямі якога былі непасрэдна яны — людзі, што бездакорна ішлі па жыцці і па меры сіл і магчымасцей і цяпер стараюцца актыўна займацца грамадскай работай.

Iна ЗАСКЕВIЧ.
Фота Ніны ЦАРЫК.