На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

“І няма ў цэлым свеце выдатней роднай вёскі”

1 сентября 2017

Традыцыйным стала правядзенне на Асіповіччыне святаў вёсак — толькі сёлета яны прайшлі ўжо больш чым у 10 паселішчах. У чымсьці яны, канечне, падобныя, аднак нельга паставіць паміж мерапрыемствамі і знак роўнасці: што ні вёска, то свой непаўторны каларыт, чалавечыя лёсы і тая адзіная маленькая кропачка на карце, ціхая прыстань у бурлівым жыццёвым моры, якая цярпліва чакае толькі цябе з усіх далёкіх і блізкіх вандровак. Арганізатары гэтых святочных імпрэз стараюцца сабраць у родным краі ўсіх, хто неабыякава ставіцца да бацькоўскай хаты, аб’яднаць у адну вялікую сям’ю, паказаць, што тут іх чакаюць і любяць.

На мінулым тыдні цэнтрам прыцягнення для цяперашніх і былых вяскоўцаў сталі адразу тры паселішчы — Цэзарова, Забалацце і Леніна.

На беразе ракі Каменкі

Жыхары Цэзарова месцам сустрэчы выбралі прыгожы куточак, дзе стаіць дом, які раней належаў сям’і Станіславы і Пятра Аляшкевічаў, а зараз мае іншых гаспадароў і служыць як агра-экасядзіба. Стараннямі Градзянскага сельсавета і Каменіцкага цэнтра культуры на чале з Валянцінай Хісаевай і Ангелінай Курыльчык і старасты вёскі Валянціны Ганчаронак пляцоўку для адпачынку ўпрыгожылі кветкамі. Тут жа размясцілася гандлёвая палатка райста і краязнаўчая выстава, што падрыхтавана мясцовым бібліятэкарам Настассяй Верабей, якая правяла цікавую віктарыну. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, а таксама паспрабаваць смачную юшку, якую з разуменнем справы прыгатаваў ураджэнец вёскі Віталь Грышановіч.

Цэзарова вядома з пачатку ХХ стагоддзя. Пры-кладна век таму ў ім знахо-дзіліся аднайменныя ўрочышча з 3 дварамі і 21 жыхаром і лясная старажоўка, у якой пражывала 5 чалавек. У Вялікую Айчынную вайну страціла 6 жыхароў.

З гадамі вёска так і не стала вялікай. У ёй на адзінай вуліцы Бабруйскай месціцца прыкладна 20 дамоў, дзе пражывае каля 40 чалавек, з іх працаздольных — 19, пенсіянераў — 13. Самы росквіт назіраўся ў 70-80 гады, калі не адна сям’я мела статус шматдзетнай. Былі тут і клуб, дзе збіралася моладзь, і магазін, у якім доўгі час працавалі Клаўдзія Парфіяновіч і Галіна Грышановіч. На жаль, гэтыя аб’екты адышлі ў нябыт, як і хаты некаторых сяльчан.

Каб падтрымаць жыццё ў паселішчы і даць яму другое дыханне, у рамках дзяржаўнай праграмы па адра-джэнні сяла пабудавалі тры прасторныя дамы, дзе пасяліліся калгаснікі, што, безумоўна, унесла навізну ў ландшафт паселішча.

Усе гаспадары дбаюць пра свае прысядзібныя ўчасткі, падтрымліваюць парадак на падворках. Сярод іх — Святлана і Уладзімір Сасімы, Наталля і Аляксандр Храмых, якія атрымалі з рук Валянціны Хісаевай дыпломы ў намінацыі “Лепшы прысядзібны ўчастак” і памятныя сувеніры.

На такіх святах прынята называць самых старэйшых жыхароў вёскі. У іх ліку апынуліся 87-гадовая Галіна Паўловіч і сямейная пара Соф’і і Леаніда Шпілеўскіх, якія на дваіх маюць 164 гады. Дарэчы, яны разам выгадавалі трох сыноў і сёлета адсвяткавалі ізумруднае вяселле. Віншавалі з 75-годдзем Клаўдзію Парфі-яновіч. Не забыліся і пра Валянціну і Міхаіла Калячкаў, Святлану Еўдакімовіч, якія выхавалі па чацвёра дзяцей.

Музыкальныя віншаванні ў адрас юбіляраў і ўсіх насельнікаў гучалі ад удзель-нікаў мастацкай самадзейнасці Ялізаўскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Анатолія Пятраева.

Па словах Валянціны Хісаевай, такія святы абавязкова трэба праводзіць. Яны служаць добрым стымулам для згуртавання лю-дзей, напамінкам пра былыя іх заслугі і паказваюць, што нават самая маленькая вёсачка мае права жыць паўнавартасным жыццём.

Ад прыселка да аграгарадка

Забалацце амаль у 4 разы большае за папярэдняе паселішча. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з ХVІІ стагоддзя. У 1692 годзе вёска ўяўляла сабою прыселак, які ўваходзіў у склад маёнтка Глуск-Мінскага ваяводства. Потым мясцовасць была ў складзе радзівілаў-скага маёнтка Пратасевічы, а пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1773 го-дзе пасяленне ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. У 1840 г. маёнтак Пратасевічы належаў князям Вітгенштэйнам і ўваходзіў у склад Бабруйскага павета Мінскай губерні, а з 1860 года стаў яго цэнтрам.

У лютым-лістападзе 1918 года вёска была акупіравана германскімі войскамі, са жніўня 1919 да чэрвеня 1920 — польскімі. Праз 10 гадоў тут з’явіўся калгас “Чырвоная слабада”. Першым старшынёй быў Іван Іванавіч Астаповіч, затым Іван Якаўлевіч Малахаў, які ўдзельнічаў у першым з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў. У 1932 годзе калгас атрымаў жняярку і трактар. Вядома, што на ім працаваў Васіль Аляксандравіч Багуславец.

Падчас Вялікай Айчыннай на фронце і ў партызанах загінула больш за 30 жыхароў, у тым ліку сувязная Пелагея Казлоўская, якая пахавана на мясцовых могілках.

Пасля вайны калгас узначаліў Румянцаў. Пазней вёскі Забалацце і Пратасевічы аб’ядналі ў адно сельгаспрадпрыемства “Перадавік”, якое ў 1960 годзе ператварылі ў саўгас “Асіповіцкі” (дырэктар Іван Лявонавіч Доўгаль), а праз 7 гадоў — “Пратасевічы”. За паўстагоддзя змянілася 8 яго кіраўнікоў.

З 2009 года паселішча атрымала статус аграгарадка, дзе размешчаны мех-двор і складскія памяшканні ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”, база для пачатковых класаў Пратасевіц-кай СШ, дзіцячая школа мастацтваў. Забалацце — цэнтр сельсавета.

За 100 гадоў колькасць сяльчан амаль не змянілася — зараз пражывае 441 чалавек (у 1917 г. — 387). Прычым жаночы пол у прыярытэце — 231 асоба. Больш вяскоўцаў размясціла свае сядзібы на вуліцы Беларускай — 208, затым на Юбілейнай — 111, Маладзёжнай — 66 і Садовай — 56.

Большасць з іх і сабралася каля Пратасевіцкага сельсавета на святочнае мерапрыемства, дзе гучалі словы падзякі за працавітасць і любоў да роднай зямлі, віталі юбіляраў, самых творчых і ўмелых, тых, хто ўзгадаваў дастойных сыноў і дачок, дзе ў гонар жыхароў ляцела над роднай зямлёй звонкая песня, лілася музыка.

На сцэну запрашаліся паважаныя людзі, ушанаваў якіх старшыня сельсавета Анатоль Дрывіцкі.

— Такіх доўгажыхароў, як Кацярына Уласава (80 га-доў), Уладзімір Вясёлкін (81), Аляксандра Селіванава (82), Марыя Патапейка (83), Галіна Суслава (86), Надзея Кавалёва (89), Соф’я Сібір-кова (91), рады прывячаць кожны год, — адзначыў кіраўнік. — Яны гэта заслужылі сваёй нялёгкай сялян-скай працай, пазітыўным стаўленнем да жыцця, жаданнем зрабіць свой край лепшым. І кожны з іх варты самых лепшых слоў і вялікай павагі.

Прыемна і тое, што вёска поўніцца дзіцячымі галасамі. У 13 шматдзетных сем’ях падрастае 40 дзетак, у тым ліку 4 — у Юліі і Ста-ніслава Гапаў. А самая маленькая жыхарка — Варвара Рубеж.

Адзначалі і сямейную дынастыю Любові і Мікалая Шавялёнкаў, якія жывуць і працуюць у Забалацці, як і іх бацькі, дзядулі і бабулі, а таксама дзеці Таццяна, Святлана і Міхаіл. Усе яны патрыёты роднай зямлі, не здрадзілі малой радзіме: выхоўваюць дзяцей, спраўляюць вяселлі, народзіны.

Не прамінулі і лепшых гаспадароў. Спецыяльная камісія сельсавета прызнала лепшымі падворкі ў Валянціны і Васіля Дрозд, маладых Валянціны і Аляксандра Мядзведскіх, лепшая гаспадарка — у Ірыны і Ігара Гладкіх.

Віталі і сям’ю Людмілы і Уладзіміра Ляшкевічаў, якія выгадавалі чэмпіёнку свету па муай-тай Алену Ляшкевіч. Узгадалі імёны тых, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане — Сяргея Гуркова і Аляксандра Пінчука. Не забыліся і пра таленавітых жыхароў, якія пішуць вершы, добра спяваюць і танчаць, іграюць на гармоніках, вышываюць і плятуць бісерам. Сярод іх — Соф’я Мароз, Тамара Паўлючэнка, Надзея Гладкая, Карына Крывашэева, Леанід Каленчыц.

З рук старшыні сельсавета ўсе яны атрымалі ў падарунак цудоўныя сувеніры, дыпломы. Былі і музыкальныя нумары ў выкананні як мясцовых самадзейных артыстаў, так і гасцей — народнага ансамбля народнай песні РЦКіА “Дзівакі”, аніматараў з Дома культуры пасёлка Савецкі.

Сяльчане шчыра дзякавалі музычнаму кіраўніку Святлане Дрозд і вядучым Яўгеніі Шведавай і Аляксандру Бяляеву.

На вуліцы Зялёнай

На ёй і сабралася вёска Леніна. Пляцоўку, дзе раней мясціўся гандлёвы па-вільён райспажыўтаварыства, калісьці прыбралі, пасадзілі дрэвы, і цяпер яна саслужыла добрую службу, ператварыўшыся ў месца адпачынку.

Што ўяўляе сабой сёння паселішча? 40 пастаянных жыхароў, у тым ліку — 25 працаздольнага ўзросту і 15 — старэйшага, 45 двароў з дачнікамі, аграэкася-дзіба “Зялёная Дуброва” (гаспадыня Галіна Архіпава). Усе жывуць як вялікая дружная сям’я.

Адкрыў свята старшыня Вяззеўскага сельсавета, у склад якога ўваходзіць Леніна, Іван Вярыга.

Вядучыя нагадалі прысутным гісторыю краю, які адгартаў ужо крыху больш за 90 жыццёвых старонак. Заснаваны быў на панскіх землях колішнімі парабкамі. Перад вайной жыло больш за 130 жыхароў. 50 гадоў таму да яго далучылі вёскі Зялёная Дуброва і Каменка. Людзі займаліся земляробствам і пчалярствам. Землі належалі калгасу “Авангард”, дзе многія і працавалі. Гэта 87-гадовая Антаніна Крыванос, Надзея Герасімчык, Ала Марцям’янава, Ніна Смоляр, Мікола Тарасевіч, Ніна Хлус, Ларыса Чаропка, Лідзія Хамянок, Зоя Пятроўская, для якіх цяперашняе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства падрыхтавала падарункі. Дарэчы, у вёсцы пражывае найбольшая колькасць доўгажыхароў.

Адзначылі ў гэты дзень і юбіляраў: Галіну Архіпаву (55), Алену Дзмітровіч (55), Віктара Герасімчыка (60).

Ну а святочны настрой для вяскоўцаў стваралі народны ансамбль народнай песні “Вязанка” і ўзорны дзіцячы калектыў “Хваля”.

Ва ўсіх гэтых паселішчах ёсць мінулае і сянняшні дзень. I галоўнае — людзі, якія пішуць цяперашнюю гісторыю сваімі добрымі справамі, любоўю да родных мясцін і жаданнем зрабіць яго лепш.

Ніна ВІКТОРЧЫК.