На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Капрамонт прыйдзе i да вас

23 июля 2012

Дамы — як людзі: у першыя гады свайго існавання радуюць прывабным знешнім выглядам, а далей — усё залежыць ад належнага догляду...
Жыллёвы фонд нашага горада пастаянна папаўняецца новабудоўлямі, але не ўсе жадаючыя могуць атрымаць новую кватэру. Натуральна, даводзіцца "падлатваць" старое жытло.
Капітальным рамонтам дамоў займаецца АДУКВП "Райсэрвіс". За першае паўгоддзе асвоена грашовых сродкаў на суму 1.135,2 мільёны рублёў, у тым ліку з раённага бюджэту — 400 мільёнаў. Як бачыце, большая частка грошай ідзе ад штомесячных адлічэнняў насельніцтва. У канцы кожнага года на аснове дэталёвага аналізу і ацэнкі стану жыллёвага фонду складаецца план рамонтных работ на наступны. Ёсць і перспектыўны план на 6 гадоў, у які з цягам часу ўносяцца карэктывы.
Зараз рамонтныя работы вядуцца ў дамах №№ 53 і 79 па вуліцы Сумчанкі, № 29 на Сацыялістычнай, № 1 на Заслонава ў гора-дзе і доме № 1 па Савецкай вуліцы вёскі Карытнае. У адных пабудовах рамантуюцца дахі, у другіх — вядзецца капрамонт з элемен-тамі мадэрнізацыі, дзесьці — уцяпленне сцен. Усё залежыць ад стану жытла, які ацэньвае спецыяльная камісія. Рамантуюцца таксама і пад’езды — месцы агульнага карыстання. Усе ўнутраныя работы ў кватэрах жыльцы павінны выконваць самастойна, за выключэннем выпадкаў, калі праводзіцца якая-небудзь рэканструкцыя ў памяшканнях.
Усяго на ўчастку капітальнага рамонту працуе 9 чалавек. Колькасць невялікая, а ім трэба падтрымліваць у належным стане ўвесь жыллёвы фонд раёна!
...Брыгада Андрэя Майшука шчыруе на доме № 79 па вуліцы Сумчанкі. Выконваецца капітальны рамонт даху з укладкай уцяпляльніка, уладкаваннем сцяжкі і наклейкай двух пластоў руберойду. Па ацэнцы майстра па аператыўным кантролі за жыллёвым фондам Вячаслава Дубовіка, ужо выканана 70% работ. Рабочыя працуюць у экстрэмальных умовах: 30 градусаў па Цэльсію, санцапёк — а трэба праводзіць зварачныя работы, тынкаваць, сцяліць руберойд, які становіцца гарачым, нібы з патэльні...
Але хлопцы звыкліся, на цяжкасці не наракаюць. Аб іх рабоце майстар адзываецца толькі станоўча. Наогул, брыгада займаецца ўцяпленнем фасадаў дамоў, дахаў, таму горад прывыклі бачыць з вышыні. I адчуваюць сябе на будынках камфортна, арыентуюцца паміж дахавымі няроўнасцямі, спадарожнікавымі "талеркамі", якія стараюцца не пашкодзіць, нібы Карлсаны ці камінары. Аб’ёмы работ добрыя, на вынікі працы брыгады апошнія 15 гадоў скарг не паступала. Шкада, што ў распараджэнні "Райсэрвіса" толькі 1 пад’ёмны кран, таму работы на вышыні не заўсёды могуць быць выкананы своечасова.
Па гэтай прычыне не можам убачыць, як адбываецца ўцяпленне тарцавых сцен жылога дома № 53. Затое на вуліцы Чарняхоўскага вядзецца ўнутраны рамонт дома-новабудоўлі. Маляры займаюцца паклейкай шпалераў. У памяшканні таксама высокая тэмпература, што ўзмацняецца неабходнасцю працаваць пры зачыненых вокнах...
Штомесячна жыхары, атрымліваючы квітанцыі аб налічэнні аплаты за камунальныя паслугі, звяртаюць увагу на тое, што адзін з пунктаў — плата за капітальны рамонт. Нярэдка скардзяцца: маўляў, чаму плачу за капрамонт, а ў маім доме рамонтам і не пахне? На гэтыя словы хочацца не адказваць, а запрасіць цікаўнага ў падарожжа... па дахах нядаўна адрамантаваных дамоў. I тады стане кожнаму зразумела, што ўсе гэтыя работы робяцца не самі па сабе, а сіламі "дзевяці адважных", якія і ў дождж, і ў спякоту проста робяць сваю справу.
Ваш дом яшчэ не адрамантавалі? Дойдзе чарга і да яго...


 

На здымку (злева направа): майстар Вячаслаў Дубовік, страхары Віталь Міхадзюк і Максім Навіцкі, брыгадзір Андрэй Майшук і падсобны рабочы Аляксандр Куніцкі.