На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Лес пілуюць сапраўдныя мужчыны, або "Лесаруб-2014" у Асіповічах

20 августа 2014

Калі раней многім асіпаўчанам не даводзілася назіраць за працэсам валкі і апрацоўкі лесу, а таму гэта работа здавалася сумнай і манатоннай, то днямі меркаванне змянілася на дыяметральна процілеглае. Увазе землякоў было паказана захапляючае “пілавальнае” шоу з трукамі і пагонямі, прыгожымі відовішчамі і майстар-класамі, дэманстрацыяй прафесіяналізму, даведзенага да віртуознасці.

У пятніцу-суботу Асіповічы віталі ўдзельнікаў чэмпіянату Беларусі “Лесаруб-2014”. Прадстаўнікам лясной гаспадаркі раёна не раз — і часта даволі ўдала, — даводзілася ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах, але прымаючым бокам мы былі толькі ў 1995 годзе, калі праходзіў першы чэмпіянат. Адказнасці дадавала яшчэ і тое, што ўдзельнікамі свята, акрамя дзесяці беларускіх каманд, сталі дружыны Расіі і Латвіі.

У складзе зборнай Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання змагаліся і два асіповіцкія лесарубы — вядомы ўжо ў раёне Дзмітрый Караткевіч з Дараганаўскага лясніцтва і малады працаўнік Асіповіцкага лясніцтва Сяргей Ласіца, для якога спаборніцтва падобнага рангу стала дэбютам.

Адразу пасля адкрыцця чэмпіянату, яго ўдзельнікі адправіліся ў Дараганаўскае лясніцтва, на базе якога праводзілася валка лесу ўручную і з дапамогай лесанарыхтоўчай машыны павышанай праходнасці “Харвестар Амкадор 2551”. Улічваўся не толькі час выканання работы, але і вугал, глыбіня, вышыня спілу, таму справіцца з заданнем мог толькі сапраўдны майстар. На гэтым этапе перамогу атрымаў Віктар Ганчук з каманды канцэрна “Беллеспаперапрам”, якому да максімальна магчымага выніку не хапіла ўсяго аднаго бала.

Суботнім днём эпіцэнтрам стаў ужо стадыён “Алімпіец”. Сцягі, музыка, сцэна… А навокал — падрыхтаваныя для спаборніцтваў памосты з бярвеннямі, адгабляванымі да бляску, яркая разметка якіх толькі дабаўляла святочнасці. Асобна — гонкія яловыя ствалы з густа насаджаным для абрэзкі голлем. Пляцоўка, падрыхтаваная для эстафет. У чаканні свайго часу ззаду паважна размясціліся салідныя “Харвестары” і “Фарвардары”.

Стэндавыя спаборніцтвы распачаліся мантажом ланцугоў. Удзельнікі павінны былі за максімальна кароткі тэрмін разабраць бензапілу, памяняць у ёй ланцуг, што “выйшаў са строю”, і зноў сабраць яе. Усяго 13 з паловай секунд спатрэбілася нашаму лесарубу Дзмітрыю Караткевічу на гэту аперацыю. А яго паплечнік з Бялынічаў патраціў яшчэ на 2 секунды менш!

Тым часам паралельна пачынаецца распілоўка камбінаваным і дакладным рэзам. Хто назіраў за працэсам, пацвердзіць, што справа гэта не з лёгкіх. Ад трох бярвенняў таўшчынёй 35 сантыметраў трэба адрэзаць 3-8-сантыметровыя дыскі. Прычым пілаванне праводзіцца адмыслова: спачатку робіцца надрэз знізу, потым зверху, абодва разы не мінаючы чырвонай паласы пасярэдзіне. Спілы павінны быць роўныя, ісці пад прамым вуглом, а час выканання фіксуецца.

Наогул камбінаваная распілоўка ацэньваецца па 20 паказчыках. Разгледзеўшы адпілаваныя дыскі, якія прамаркіравалі суддзі, бачым, што вугал зрэзу некаторых складае 89,7-90,3 градуса — амаль ідэальныя вынікі.

Калі актывізаваўся гідраманіпулятар на сартыментавозе “МАЗ”, ручайкі гледачоў хуценька пацяклі ў яго бок. Пачалося нешта неверагоднае: страла з выгляду нязграбнай буйнаколавай машыны ўзнялася над кузавам і стала па цэламу бярэмю выгружаць з яго ацыліндраванае бярвенне, палова з якога была афарбавана ў чырвоны колер. А затым магутная клюшня размерана апускаецца на кожнае бервяно паасобку, моцна сціскае яго і нясе на ўстаноўленае месца, дакладна апускаючы ў патрэбную кропку. Пасярод пляцоўкі паступова вырастае мажнае збудаванне, падобнае на казачны церамок. І будуе яго  машына, у кабіне якой знаходзіцца аператар-віртуоз, які грувасткай тэхнікай выконвае проста ювелірную аперацыю. Група вымярэнняў з дапамогай спецыяльных прыбораў замярае вуглы, вызначае дакладнасць выканання работы.

Машыністы “Харвестараў” і “Фарвардараў” дэманструюць магчымасці машыны і чалавека, які не проста ёю ўпраўляе, але, здаецца, і дыхае ва ўнісон. Магутная тэхніка, як па загаду, “перагрызае” дрэвы на роўненькія кавалачкі, якія складаюцца ў патрэбным парадку.

Спонсары чэмпіянату таксама “хварэлі” за лесарубаў: многія даўно супрацоўнічаюць з працаўнікамі лесу, бо выпускаюць для іх адзенне, абсталяванне, тэхніку. Таму прадстаўнікі прадпрыемстваў выставілі ўзоры прадукцыі ў асобных палатках, да якіх таксама наведваліся кіраўнікі лясгасаў, госці мерапрыемства, проста цікаўныя.

Усіх здзівіў разьбяр па дрэве Юрась Камандзірчык з Нарачы, які на працягу дня даваў майстар-клас. Піла ў яго руках тварыла проста дзівосы, а неабчэсанае бервяно на вачах у гледачоў пераўтваралася ў мудрагелістую скульптуру ці адмысловую паліцу з аздабленнем.

Завяршальным этапам спаборніцтваў стала эстафета. У ёй удзельнікі каманд прабягалі па паласе, на хаду адразаючы адмечаныя кавалкі вертыкальна і гарызантальна замацаваных ствалоў дрэў. Тут вынік залежаў ад спрыту і хуткасці кожнага.

І вось выпрабаванні закончаны. Намеснік міністра лясной гаспадаркі краіны старшыня аргкамітэта чэмпіянату Леанід Дзям’янік, дзякуе ўсім работнікам галіны за ўдзел, Магілёўскае ДВЛГА і Асіповіцкі лясгас — за належную арганізацыю чэмпіянату. І падкрэслівае, што спаборніцтвы прайшлі на высокім міжнародным узроўні, а ўдзельнікі паказалі вынікі на ўзроўні сусветных. У галіне працуюць сапраўдныя прафесіяналы, у чым усе пераканаліся. З прывітальным словам выступіла таксама старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу Часлава Гоева.

Дыпломы, грашовыя ўзнагароды, каштоўныя падарункі атрымалі пераможцы ва ўсіх намінацыях. Парадавала, што наш Дзмітрый Караткевіч ажно двойчы падымаўся на самую высокую прыступку п’едэстала: стаў лепшым у распілоўцы лесу камбінаванай рэзкай і абрэзцы галля.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання адбылося ўрачыстае закрыццё спаборніцтваў. Цяпер з ліку пераможцаў будзе створана зборная, яна прадставіць краіну на чэмпіянаце свету, што адбудзецца праз месяц у Швейцарыі.

Хоць узнагароды атрымаў не кожны, усе засталіся задаволенымі. Вось як адгукаліся аб мерапрыемстве госці нашага горада.