На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Мадэрнізацыя ў дзеянні. Сума тэхналогій

26 апреля 2013

Адным з найбольш перспектыўных накірункаў мадэрнізацыі вытворчасці было і заўсёды будзе павышэнне глыбіні перапрацоўкі сыравіны. Самы відавочны прыклад таму — розніца ў кошце бярвенняў і сушаных ды габляваных піламатэрыялаў. Аднак сёння гаворка не аб лясной гаспадарцы, а аб куды больш высокатэхналагічнай сферы — машынабудаванні.
Рэалізуемы на ААТ “Асіповіцкі завод аўтаагрэгатаў” інвестыцыйны праект па стварэнні фарбавальнай лініі вырабаў з палімераў абяцае ўзрастанне даданай вартасці кожнай выпушчанай дэталі як мінімум на 15%. Не шмат? Гэта толькі здаецца. Каб дасягнуць такога росту, прадпрыемству спатрэбілася ўкласці ў набыццё новага абсталявання каля 1,2 мільёна долараў. Аднак грошы тут яшчэ далёка не ўсё. Каб укладанні акупіліся за прадугледжаныя бізнес-планам каля 5 гадоў, прадпрыемству давядзецца знайсці сбалансаванае рашэнне для мноства самых разнастайных і часам супярэчлівых задач. Аднак аб усім па парадку.
Праектаванне фарбавальнай лініі ішло амаль год: абсталяванне такого кшталту не стандартнае, ствараецца пад канкрэтныя патрабаванні заказчыка. У выпадку ААТ “АЗАА” галоўным абмежаваннем стала адаптацыя пад ужо існуючае памяшканне — недабудаваны ў свой час рамонтна-механічны цэх — і дзеючую тэхналогію выпуску дэталей кабін для аўтамабіляў МАЗ. Асіповіцкія аўтаагрэгатчыкі першымі ў краіне асвоілі выпуск вырабаў з тэлену — перспектыўнага аналага экалагічна шкоднага і складанага ў фармоўцы шклапластыку, прычым выпуск вырабаў з гэтых матэрыялаў вядзецца паралельна. Такім чынам, узгаданая лінія павінна забяспечваць аднолькава  высокую якасць дэкаратыўнага пакрыцця для абодвух матэрыялаў. Прынамсі, патрабаванні да вонкавага выгляду пафарбаваных паверхняў, якія ўтвараюць экстэр’ер мазаўскай кабіны, вельмі жорсткія — больш дасканала  фарбуюцца толькі баліды Формулы-1”.
Работы па мантажу абсталявання пачаліся напрыканцы мінулага года і зараз набліжаюцца да завяршэння, аднак ужо на “фінішнай прамой” узнікла пэўная перашкода: падчас правядзення шматлікіх экспертыз выявіліся пэўныя нюансы, якія патрабуюць удакладнення альбо некаторых дапрацовак праектна-каштарыснай дакументацыі. У гэтым няма нічога дрэннага: чым больш “падводных камянёў” выяўлена на этапе праектавання, тым бездакорней будзе працаваць новае абсталяванне. З-за ўзгаданага прамаруджвання пакуль немагчыма назваць дакладную дату здачы лініі ў эксплуатацыю, аднак ужо няма сумненняў, што гэта падзея адбудзецца ў першай палове года.
Праўда, напачатку працаваць лінія будзе ў рэжыме наладкі — да таго часу, пакуль не пабудуюцца памяшканні для важнага дапаможнага абсталявання: лініі па змешванні фарбаў, стацыянарных ачышчальных збудаванняў для тэхналагічных сцёкаў.
Але гэта, па вялікім рахунку, дробязі. Куды істотней іншыя праблемы, над вырашэннем якіх ужо ламаюць галовы завадскія спецыялісты. Адна з галоўных — выбар фармату кіравання новай тэхналагічнай структурай. Фарбавальная лінія, па сутнасці, з’яўляецца часткай цэха шклапластыкавых кабін, таму на першы погляд, лагічна надаць ёй статус участка цэха шклапластыкавых кабін. Аднак ЦШК разам з новым участкам пераўтворыцца ў вельмі буйное і грувасткае вытворчае падраздзяленне, упраўленне якім можа стаць надта складанай справай. У сваю чаргу стварэнне новага — фарбавальнага — цэха хоць і робіць працэс кіравання больш гнуткім і “празрыстым”, але каштуе даволі дорага, а дадатковыя расходы расцягнуць і без таго немалы тэрмін акупляльнасці інвестпраекта.
Менш глабальная па маштабах, але параўнальная па значнасці праблема — перавозка дэталей у Мінск на зборачны канвеер галаўнога прадпрыемства. Зараз да транспарціроўкі панэлей са шклапластыку не прад’яўляецца нейкіх асабістых патрабаванняў, а вось калі яны будуць гатовыя да зборкі, нанясенне нават мікраскапічных пашкоджанняў фарбавага пакрыцця пры пагрузцы, перавозцы і выгрузцы дапускаць будзе ўжо нельга. Натуральна, узнікае патрэба ва ўпакоўцы, якая павінна адпавядаць маласумяшчальным патрабаванням: быць надзейнай, трывалай і, адначасова,  таннай.  Інакш транспартныя расходы “з’ядуць” большую частку патэнцыяльнага прыбытку ад работы фарбавальнай лініі.
Ну і, нарэшце, традыцыйная для ўсёй айчыннай эканомікі праблема: дзе ўзяць належную колькасць кваліфікаваных работнікаў, дзякуючы чыім намаганням абсталяванне, у якое ўкладзена столькі рэсурсаў, дасць чакаемы плён...


НА ЗДЫМКУ: намеснік галоўнага інжынера ААТ “АЗАА” Віктар Брыткевіч на завадской новабудоўлі ведае кожны куток. А найбольш яму падабаецца камера, прызначаная  для ачысткі  дэталей.  У якасці мыючага сродку ў ёй ужываецца звычайная  вада,  але  выцякае яна  са  спецыяльных фарсунак пад такім высокім  ціскам,  што шматлікія  струменьчыкі набываюць уласці
васці наждачнай паперы.


Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
Фота аўтара.