На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Маладыя у музеі

18 октября 2013

Саматканыя ручнікі, гліняны посуд, расшытыя строі... Тое, што гэта атрыбуты беларускасці, ведаем яшчэ са школьных падручнікаў. Але, згадзіцеся, часам успрымаем іх як казку: няўжо і сапраўды раней людзі жылі так, што цяжка працавалі, верылі ў прыкметы, прытрымліваліся традыцый?

Пазнаёміцца бліжэй з бытам беларусаў у нашым горадзе можна ў краязнаўчым музеі. У ім нядаўна адкрылася зала стацыянарнай экспазіцыі, дзе сабраны аўтэнтычныя экспанаты з усяго раёна — рэчы, якімі карысталіся нашыя прабабулі і прадзядулі. Парадавала і тое, што цяпер тут можна справіць абрад вяселля падобна, як гэта рабілі сто гадоў назад. Апошнім часам такая тэндэнцыя пачынае карыстацца папулярнасцю сярод маладых.

Першай парай, якая скарысталася гэтай магчымасцю, стала Кацярына і Уладзімір Герасевіч, якія спраўлялі вяселле якраз у Дзень горада. Сваімі ўражаннямі падзялілася нявеста:

— Калі ад працаўнікаў музея атрымалі запрашэнне незвычайна адсвяткаваць дзень нараджэння нашай сям’і, згадзілася з будучым мужам адразу. Але асабліва мы не ўяўлялі, як выглядае нацыянальнае вяселле. Было ж усё так.

Пасля роспісу і фотасесіі з гасцямі адправіліся ў музей. Тут сустракалі музыка з баянам і жанчыны ў нацыянальных касцюмах — калектыў “Вязанка” з Вяззеўскага Дома культуры. Вясельным песням, жартам і прымаўкам, здавалася, не было канца. Весела было ўдзельнічаць і ў розных конкурсах. Напрыклад, прысутнічаючыя закідвалі шапкі і вянкі на дрэва жаданняў, Валодзя забіваў цвікі, а я пляла яму пояс. Гарманічна глядзеліся на нашым свяце і сучасныя “штучкі” — пескаграфія ў выкананні Алены Ерашэвіч і яе сына нікога не пакінула раўнадушным. Мерапрыемства працягвалася дзесьці з гадзіну, але пакідаць музей ні нам, ні гасцям зусім не хацелася. На выхадзе можна было набыць керамічныя вырабы і сувеніры з пацерак і тым самым дапамагчы іх аўтарам — выхаванцам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў пры РЦСАН. Прайшло ўжо трохі часу, але і цяпер прыемна ўспамінаць і дзяліцца ўражаннямі са знаёмымі наконт таго, што наша вяселле прайшло па-сапраўднаму незвычайна.

Дырэктар музея Антаніна Сцяпанава расказала, што да адкрыцця залы рыхтаваліся дастаткова доўга і вынікам засталіся задаволены. Галоўную каштоўнасць тут прадстаўляюць, канечне, экспанаты. I тых, якія датычаць менавіта вясельных абрадаў і маюць цікавую гісторыю, тут дастаткова шмат.

Але што пра іх расказваць, калі можна проста прыйсці і паглядзець. А яшчэ лепш — справіць тут сваё вяселле...